Герасіменя: У фільме Курэйчыка сыграю сябе і сяброўку галоўнай гераіні

110805 Gerasimemia_site.mp3

Абаяльная беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якая на днях стала чэмпіёнкай свету, вырашыла зняцца ў кіно! 25-гадовая спартсменка сыграе ў серыяле “Вышэй за неба”, сцэнар да якога напісаў Андрэй Курэйчык.

“Мне здаецца, што гэта вельмі цікавы праект, – дзеліцца ўражаннямі Саша. – Серыял пра жыццё звычайнай моладзі, пра іх пачуцці, адносіны, мне здаецца, што гэта нешта новае і цікавае ў Беларусі. Прапанова была крыху нечаканай, бо мой профіль крыху ў іншы бок накіраваны. Але я паспрабую, чаму б не?! Не ўвесь жа час плаваць”.

Еўрарадыё: Ці былі ў вас калі-небудзь спробы праявіць сябе як актрысу?

Герасіменя: Я толькі адзін раз здымалася ў кліпе “Крамбамбулі”. Гэта быў мой першы відэавопыт і спадзяюся, што не апошні.

Еўрарадыё: А ці ведаеце вы ўжо сцэнарый, ці чыталі вы сваю ролю, каго вы будзеце граць?

Герасіменя: Сцэнарый пакуль мне не паказвалі. Таму я толькі ведаю, што граць я буду сябе і сяброўку галоўнай гераіні.

Еўрарадыё: Сам сюжэт, пра што будзе фільм, вы азнаёміліся? Вас не палохае тое, што гэта усё ж будзе пра праблему СНІД-у?

Герасіменя: Не, чаму гэта мяне павінна хваляваць? Саму сутнасць фільма я ведаю. Зразумела, што дэталі яшчэ дапрацоўваюцца, сам рэжысёр не можа дакладна сказаць, што гэта будзе за серыял.

Еўрарадыё: Ці пойдзеце вы на нейкія акцёрскія курсы перад здымкамі?

Герасіменя: Мне граць прыйдзецца сябе. Я на акцёрскія курсы магчыма і схадзіла б, але ў мяне не будзе часу. Мне б гэта самой было цікава. Мне здаецца, што тут важна быць самім сабой – і ўсе атрымаецца.

Еўрарадыё датэлефанавался Герасімені, калі яна была ў Брэсце на зборах. Літаральна праз тыдзень плыўчыха ляціць на сусветную студэнцкую алімпіяду. Спартсменку чакае яшчэ некалькі тыдняў цяжкай працы – і пасля заслужаны адпачынак на моры.

Еўрарадыё: На мора вы паедзеце адна ці з любімым чалавекам?

Герасіменя: Паеду з блізкім чалавекам.

Еўрарадыё: А блізкі чалавек таксама мае дачыненне да спорту?

Герасіменя: Натуральна.

Еўрарадыё: Вернемся ўсё ж да фільма, вам не сказалі, калі пачнуцца пробы, здымкі?

Герасіменя: Вяртаючыся з Брэста, буду мець яшчэ некалькі дзён, я буду праходзіць кінапробы, а здымацца мы ўжо будзем ў верасні.

Еўрарадыё: Вас хвалюе, хто будуць вашы калегі па здымачнай пляцоўцы. Можа апынецца так, што з гэтымі людзьмі вам не хацелася б разам знаходзіцца?

Герасіменя: Думаю, такога не ўзнікне пачуцця. Мне вельмі хочацца пазнаёміцца з імі, паглядзець, што за людзі.

Фота — reporter.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі