Германія каструе катоў, а заснавальнік TikTok — самы багаты кітаец: #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
На вяршыні Фуджы ўсё яшчэ няма снегу, а Польшча падумвае вярнуць гандаль у нядзелі.
Пра гэта і не толькі — у нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.
Заснавальнік TikTok стаў самым багатым чалавекам Кітая
Заснавальнік TikTok узначаліў спіс найбагацейшых людзей Кітая — Hurun China Rich List. Багацце Чжана Іміна ацэньваецца ў $49,3 млрд, паведамляе Reuters.
41-гадовы бізнесовец пакінуў пасаду генеральнага дырэктара ByteDance, мацярынскай кампаніі TikTok, яшчэ ў 2021 годзе, але яму па-ранейшаму належыць каля 20% кампаніі.
На памер яго дабрабыту паўплываў рост даходаў ByteDance: за мінулы год выручка кампаніі вырасла на 30% і склала каля $110 млрд.
Чжам Імін ссунуў з першага радка прадпрымальніка Чжуна Шаньшаня — уладальніка кампаніі па вытворчасці бутыляванай вады. Капітал апошняга скараціўся за апошні год на 24% праз складаную эканамічную сітуацыю ў краіне.
Яшчэ адзін горад у Германіі ўвёў прымусовую кастрацыю вулічных катоў
Улады Франкфурта-на-Майне забаранілі "бескантрольнае свабоднае перамяшчэнне рэпрадуктыўных катоў", паведамляе BILD.
Цяпер усіх вулічных катоў і котак будуць адлоўліваць і пазначаць кляймом ці мікрачыпам, а потым кастраваць, перш чым адпусціць назад. Такія нормы ўжо дзейнічаюць у Берліне і Кёльне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.