"Гэта была толькі памылка сістэмы". Што сказала Ганна Шарэйка пасля вызвалення
Кіраўніцу Віцебскай птушкафабрыкі і чальца Савета Рэспублікі Ганну Шарэйка летам 2014 года абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі падчас выбару пастаўшчыка прэміксаў для бройлераў. На думку пракуратуры, яе дзеянні нанеслі шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. Суд над Шарэйка пачаўся ў канцы лютага 2016 года, яе пазбавілі статуса недатыкальнасці.
10 чэрвеня у Вярхоўным судзе агучылі вырак — Шарэйка прызналі вінаватай і пакаралі 2 гадамі і 6 месяцамі пазбаўлення волі. Улічваючы адбыты ў СІЗА тэрмін і амністыю, былую сенатарку вызвалілі ў зале суда. У першыя хвіліны на свабодзе Ганна Шарэйка расказала журналістам, што лічыць усю сітуацыю памылкай сістэмы і нават удзячная СІЗА:
"Я ўвесь час спадзявалася на справядлівы вырак. Атрымалася, на жаль, не зусім так. Але і за гэта дзякуй. Больш-менш усё адно разабраліся і мяне выпусцілі... Чаму так здарылася? Цяжка сказаць. Думаю, адбыліся нейкія памылкі. Я лічу, што адбыліся памылкі. У якіх разбіраліся доўгі час. Часткова разабраліся. Часткова не хочуць прызнаваць сваіх уласных памылак. Але тым не менш разбіраліся. Для нас гэта ўрок, загартоўка.
Як бы там ні было — я дзяржаўны чалавек. І я разумею тую заклапочанасць дзяржавы, каб усюды быў парадак. І, напэўна, вось навядзенне гэтага парадку — яно і адбылося. Бо хочацца, каб усюды было правільна і парадак. Ну, і разбіраюцца ж усюды. Нашы органы нельга падмануць. Яны ўсё адно правераць дакладна, пад лупай. І ўсё ўбачаць... Абвінавачваць нікога я не магу.
Умовы ў СІЗА былі нармальныя. Ведаеце, для чалавека, які прывык жыць у сістэме, гэта былі нармальныя ўмовы. Для мяне нічога звышнатуральнага не было. Нічога новага. У шэсць устаў, у дзесяць лёг. Усё на дзень распланавана. За два гады ў мяне не было ніводнай хвіліны вольнай, каб я магла аб нечым думаць, чым заняць сябе... У мяне ні на каго крыўдаў не засталося. Я вельмі ўдзячная гэтаму СІЗА. Яны да ўсіх аднолькава ставяцца. Для іх няма ні дырэктара, ні падначаленых. У іх для ўсіх аднолькавыя ўмовы. А я люблю, калі да ўсіх ставяцца справядліва, аднолькава, ніхто нікога не прыніжае. Я ім павінная сказаць дзякуй за тое ўтрыманне, якое мы мелі".
Шарэйка пакуль не вырашыла, ці будзе абскарджваць прысуд. У найбліжэйшы час яна збіраецца вярнуцца на месца сваёй працы на Віцебскай птушкафабрыцы.