"Гэта нешта страшнае": звальняюць дырэктара Музея беларускай літаратуры

Міхаіл Рыбакоў / фэйсбук
Міхаіл Рыбакоў / фэйсбук

31 снежня стане апошнім днём працы для Міхаіла Рыбакова — дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Міхаіл упэўнены, што прычынай звальнення стала яго грамадзянская пазіцыя: па кантракце на гэтай пасадзе ён павінен быў прапрацаваць яшчэ год.

— Мы з супрацоўнікамі адразу пасля выбараў у сваім звароце напісалі пра тое, што патрабуем справядлівых выбараў, каб людзей не збівалі, каб у нас у краіне быў парадак і дзейнічаў закон, — расказвае Еўрарадыё Міхаіл. — Я не згодны з тым, што адбываецца ў краіне. З тым, што можна па любой указцы забраць чалавека, што можна рабіць тое, што адбываецца ў судах, што можна збіваць людзей. Гэта не краіна, гэта нешта страшнае. Я не згодны жыць у такой краіне — ні я, ні тым больш мае дзеці, якім, калі мы не зробім нічога цяпер, давядзецца жыць у такіх умовах. Я з гэтым не згодны. Таксама ў сваіх сацсетках я рабіў рэпосты рознай інфармацыі, звязанай з маёй грамадзянскай пазіцыяй, і за гэта ў тым ліку мяне прыбіраюць.

Праўда, "палітычныя матывы" ў дакуменце аб звальненні ніяк не фігуруюць: Рыбакову намякнулі на ціхае-мірнае звальненне па пагадненні бакоў. Міхаіл не згодны: ён напісаў адкрыты ліст міністру культуры з просьбай растлумачыць прычыны звальнення:

— Каб яны пацвердзілі, што мяне звальняюць не праз тое, што я дрэнна працаваў, а праз тое, што ў мяне іншыя погляды, якія іх не задавальняюць.

“Это что-то страшное”: увольняют директора Музея истории белорусской литературы
Ліст на імя міністра культуры Анатоля Маркевіча / фэйсбук

— Але я сумняваюся, што яны адкрыта скажуць, з якой прычыны мяне звальняюць, — працягвае Міхаіл. — Мне сказалі, што гэта новая палітыка новага кіраўніцтва. Сказалі, што паколькі я "засвяціўся" як нядобранадзейны, то я не магу разлічваць на нешта далейшае.

Цяпер, паводле маёй інфармацыі, калі праводзяць атэстацыі і калі праходзіць сустрэча з новымі супрацоўнікамі міністэрстваў, то гэта адно з пытанняў — маральная і палітычная добранадзейнасць. Цяпер гэта адзін з паказчыкаў — не прафесійнасць, а лаяльнасць.

“Это что-то страшное”: увольняют директора Музея истории белорусской литературы
Міхаіл Рыбакоў / фэйсбук

Да музея Міхаіл Рыбакоў працаваў кансультантам аддзела па справах нацыянальнасцяў і прававой работы, прэс-сакратаром апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў, дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Быў ён і дарадцам амбасады Беларусі ў Польшчы. У самім музеі гісторыі беларускай літаратуры прапрацаваў крыху больш за два гады. Чыноўнік упэўнены, што без працы не застанецца, тым больш што ўжо ёсць прапановы:

— У мяне чатыры адукацыі, не лічачы рабочых прафесій. Думаю, што дзесьці на кавалак хлеба я змагу зарабіць. Тым больш што некаторыя прапановы мне ўжо паступалі — і ў навуковай сферы, і ў сферы культуры.

Міхаіл Рыбакоў не траціць надзеі аднойчы зноў узначаліць музей, але ўжо пры іншых абставінах:

— Спадзяюся, што ў нас у краіне ўсё ж нешта павінна адбыцца, і я з задавальненнем буду гатовы будаваць новую Беларусь у сілу сваіх ведаў і ўменняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі