"Гэты дзед падышоў і піхнуў бусік": Пастарнак пра сваё затрыманне на Пушкінскай

Затрыманні каля станцыі метро "Пушкінская" / З Facebook Барыса Пастарнака​
Затрыманні каля станцыі метро "Пушкінская" / З Facebook Барыса Пастарнака​

Генеральнага дырэктара маскоўскага выдавецтва "Время" Барыса Пастарнака затрымалі ў нядзелю днём каля станцыі метро "Пушкінская". Ён знайшоўся ў Фрузенскім РУУС. Бліжэй да вечара стала вядома, што яго адпусцілі.

За што затрымалі і чаму адпусцілі, Пастарнак расказаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яго слоў, днём у нядзелю ён прыйшоў да стыхійнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага, дзе ляжалі кветкі і гарэлі лампадкі. Пад'ехалі два бусікі з амапаўцамі, пачаліся затрыманні. Выдавец яшчэ паспеў зрабіць некалькі здымкаў. Але затым адчуў удар у спіну, упаў, і яго "закінулі" ў бусік.

"Этот дед подошел и пнул бусик" — Пастернак о своем задержании на “Пушкинской”

"Зверху на мяне паклалі яшчэ траіх. Трэба сказаць, што людзі, якія атачылі аўтобус, спрабавалі нас вызваліць, яны нават, як потым высветлілася, пашкодзілі дзверы", — расказвае ён.

Яго не білі. Білі тых, хто ляжаў зверху. Па дарозе высветлілася і прычына затрымання.

"Адзін з амапаўцаў, малады зусім пацан, седзячы на пярэднім сядзенні, паказваў на мяне дубінкай і крычаў: "Вось гэты дзед! Падышоў і піхнуў бусік! Там увагнутасць!" — узнаўляе ход падзей Барыс Пастарнак.

Па дарозе, успамінае выдавец, амапаўцы паводзілі сябе "неяк занадта дэманстратыўна: пастаянна крычалі, размахвалі дубінкамі, абяцалі, што будзем мы гніць у турме да канца дзён. І нават праводзілі палітінфармацыю: "Інтэрнэту начыталіся! Бараны! Куды лезеце! Хрэн вам!" Увесь час здавалася, што яны сябе заводзяць для бадзёрасці і адвагі", успамінае выдавец.

У РУУС яго некалькі раз апыталі, далі зразумець, што гаворка ідзе пра крымінальную справу па факце пашкоджання міліцэйскага транспартнага сродку.

"Задавалі часам смешныя пытанні. А што робіць выдавецтва? Што, адны кнігі пішуць, а іншыя іх друкуюць? А чаму ў вас з сабой так шмат грошай? Што, такая вялікая пенсія? Ах, за два месяцы! А чаму атрымліваеце ў Мінску, а не ў Маскве? Я нават расказаў, што ў нас саюзная дзяржава, у якой адсутнічае падвойнае падаткаабкладанне", — кажа выдавец.

Следчы паспеў абвясціць, што затрымлівае Пастарнака на 72 гадзіны да выстаўлення абвінавачвання. Аднак потым выйшаў, вярнуўся і сказаў "абвінавачванне не пацвярджаецца" і "вы свабодныя". Што стала прычынай такога рашэння, выдавец не ведае. Але вельмі спадзяецца, што "той амапавец, які тыкаў у мой бок дубінкай, адмовіўся ад ілжывых паказанняў. Раптам сумленне заела, га?"

Падчас мірных пратэстаў у Беларусі ў нядзелю было затрымана больш за 1100 чалавек. Падчас разгону акцый у Мінску сілавікі зноў ужылі спецсродкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі