Гімнастка, якая сарвалася ў мінскім цырку: Шчыра кажучы, я нічога не памятаю
Увечары 19 красавіка з’явілася відэа падзення гімнасткі ў мінскім цырку. Расіянка Марыя Сюльгіна выступала разам са сваім мужам Яўгенам Пісаравым без страхоўкі. Гімнасты ўздымаліся пад купал цырка на вялікім парасоне, на які зверху распылялі ваду. Верагодна, менавіта з-за вады партнёр гімнасткі сарваўся з перакладзіны, за якую трымаўся. Мужчына павіс на страхоўцы, а Марыя паляцела ўніз з вышыні каля 4-5 метраў.
У Белдзяржцырку Еўрарадыё паведамілі: "Прычыны таго, што адбылося, будуць устанаўлівацца. Што тычыцца выступаў без страхоўкі, то гэта ўласнае рашэнне артыста”.
Еўрарадыё пагутарыла пра здарэнне з самой Марыяй Сюльгіной, злавіўшы яе паміж працэдурамі ў сталічнай Бальніцы хуткай дапамогі.
Еўрарадыё: Ці можаце распавеці, што здарылася?
Марыя Сюльгіна: Шчыра кажучы, я нічога не памятаю. Відэа я не глядзела, і глядзець жадання няма, таму неяк гэта адкаментаваць на жаль не здолею.
Еўрарадыё: А ваш партнёр вам не распавядаў?
Марыя Сюльгіна: Не. Мой партнёр мяне супакоіў. Ён сказаў, што адбылося гэта падчас рэпетыцыі. Цяпер я ўжо разумею, што гэта адбылося падчас шоў. Але што канкрэтна адбылося, я не ведаю.
Еўрарадыё: Ці здараліся падобныя падзенні раней, і чаму вы былі без страхоўкі?
Марыя Сюльгіна: Натуральна, што здараліся. Менавіта таму, што мы працуем без страхоўкі. Разумееце, ёсць такія трукі, якія выконваюцца без страхоўкі. І ёсць такія трукі, які трэба выконваць без страхоўкі. Мы ж у цырку працуем, таму трэба, каб глядач разумеў небяспеку…
Еўрарадыё: То бок гэтае падзенне не адбіла ахвоту далей рабіць падобныя трукі без страхоўкі?
Марыя Сюльгіна: Натуральна, не. Куды я ад гэтага падзенуся. Гэта ўжо прафесіяналізм, закладзена ў крыві. Так што, я аднаўлюся, косці зарастуць, і ўсё зноў будзе добра.
Еўрарадыё: Што дактары кажуць пра тэрміны аднаўлення?
Марыя Сюльгіна: Ну, у мяне пералом рукі і невялікае страсенне мозгу. Кажуць, што выпішуць праз дні тры ці пяць, у залежнасці ад майго самаадчування. То бок даволі хутка. А аднаўляцца… Ну, як звычайна пасля пералому: тыдні тры, можа, месяц. На жаль, гастролі ў Мінску скончацца 30 красавіка, таму тут я ужо не паспею адпрацаваць. А вось у Гомелі, спадзяюся, ужо ўсё будзе добра. Там наша шоў пачынаецца недзе на пачатку траўня.
Еўрарадыё: Ого! Дык вы плануеце так хутка аднавіцца і зноў пачаць выступаць?
Марыя Сюльгіна: Натуральна! А як жа іначай!? Стымул для гэтага ёсць!