Гісторыя адной ямы, у якую праваліўся конь
Фота: gomel.mchs.gov.by
У вёсцы Вынашаўка (Кармянскі раён, Гомельская вобласць) конь цалкам праваліўся ў яму на дарозе. Каб выцягнуць яго, прыйшлося выклікаць ратавальнікаў.
У яме мог апынуцца чалавек, легкавік або школьны аўтобус, так што, вынашаўцам, можна сказаць, яшчэ пашанцавала. На наступны ж дзень пасля інцыдэнту дзяржава прыгадала пра існаванне вёскі і ў пару прыёмаў перамагла яму. А мы прасачылі, як чыноўнікі перакладвалі адказнасць адзін на аднаго, пакуль не паглядзелі ў сумныя конскія вочы.
"Деточка,
все мы немножко лошди,
каждый из нас по-своему лошадь".
(Уладзімір Маякоўскі)
"Паспрабаваў выцягнуць сам, але куды там"
У вёсцы Выношаўка каля ста жыхароў. Кожную раніцу за школьнікамі прыязджае аўтобус і вязе іх на заняткі. Некаторыя ідуць да аўтобуса па Будаўнічай вуліцы. Гэтая вуліца ўпіраецца ў трасу, якая злучае вёску з вялікім светам. Восенню і зімой хадзіць па ёй даводзіцца ў цемры.
2 красавіка менавіта на Будаўнічай вуліцы ў напоўненую брудам двухмятровую выбоіну на праезнай часткі засмактала... каня.
"Я ехаў сустракаць пасля працы дачку, — распавядае гаспадар каня Станіслаў Восіпаў. — Дарога падалася слізкай, у нейкім месцы лёду не было — вось і вырашыў аб'ехаць. І тут конь кудысьці праваліўся. Я ўбачыў, што яго зацягвае ў бруд, паспрабаваў выцягнуць сам, але куды там! Паклікаў суседа, але і яго дапамогі аказалася мала. Тады суседка патэлефанавала ў камунгас. Там далі зразумець, што дапамагчы нічым не змогуць.
Тады мы звярнуліся ў МНС. Ратавальнікі прыехалі, працягнулі каню пад капыты пажарны рукаў, завязалі на спіне, падчапілі і паднялі. Спатрэбілася хвілін дваццаць, выцягвалі лёгенька і не спяшаючыся. З канём усё ў парадку. Нават не верыцца, што ён амаль цалкам быў у брудзе".
Адкуль узялася яма?
Выбаіна засталася пасля таго, як у канцы мінулага года ў Вынашаўцы прарвала вадаправодную трубу. Прыязджалі рабочыя з водаканала, вырылі яму, ліквідавалі аварыю, засыпалі трубу пяском. Але агароджваць нічым не сталі.
"Суседка, якая побач жыве, сама паставіла палкі. Але я іх не заўважыў, калі ехаў, — кажа Станіслаў Осіпаў. — Мы жывём на другім баку вёскі, быў не ў курсе. Мабыць, снег сышоў, падтала, а пасля прымарозіла. Вось і атрымалася. Дарога тут вузкая: адна машына яшчэ праедзе, але калі побач будзе ехаць іншая, дакладна ўскочыць".
Мужчына кажа, што ў цэлым, жыццё у вёсцы нармальнае, толькі вада не вельмі. Часам прыязджаюць дэпутаты, праводзяць каля адзінай крамы сходы. Але калі пытаюцца жыхароў аб праблемах, тыя ні на што не скардзяцца.
Мы не маем да ямы ніякага дачынення
На наступны ж дзень пасля інцыдэнту дзяржава перамагла яму. Спачатку вакол яе пакружыў трактар, але толькі злёгку параўняў абочыну ўздоўж асфальту. Потым прыехаў грузавік МАЗ і скінуў у яе цэлы прычэп цэглы.
"Мы не маем да ямы ніякага дачынення, — кажа Зміцер Ганжураў, начальнік участка добраўпарадкавання КЖП УП "Карма". Менавіта гэтая арганізацыя прывезла цэглу. — Там рамонтныя работы праводзіў водаканал, таму тэлефануйце туды. Яны там разраўноўваюць, падсыпаюць, выраўноўваюць, ліквідуюць аварыйнае месца, увогуле. Мы ўчора працавалі на іншым участку, мне патэлефанавалі, папрасілі падвезці цэглу. Я завёз. Астатнія пытанні — у водаканал".
"У яму? Конь? А вы адкуль ведаеце?!"
У адрозненне ад іншых удзельнікаў гісторыі, Аляксандр Уласаў — старшыня Кароцькаўскага сельсавета, да якога належыць Вынашаўка, — нічога пра яму не ведаў і шчыра здзівіўся.
Праз гадзіну, ператэлефанаваў сам, маўляў, так, сапраўды, здарылася такая сітуацыя.
"Пагаварыў з уладальнікам таго каня — запрог коніка, паехаў, хоць ведае выдатна, там няма ні ямы, ні канала, ні яра. Узімку, калі стаялі вялікія маразы, рамантавалі вадаправод. Асфальт зімой не пакладзеш. Вось і прысыпалі. Усё было агароджанае, але ўладальнік каня вырашыў выпрабаваць лёс".
Уласаў паабяцаў, што дарогу адрамантуюць, "як толькі прыйдзе нармальная вясна". "Пакуль трэба даць вадзе сысці, а зямлі улегчыся. Потым прыедуць работнікі камунальнай гаспадаркі і ўсё выправяць, цяпер гэта нетэхналагічна, — кажа чыноўнік. — Разумееце, капалі яму "паўтара на паўтара", каб дабрацца да вадаправода. Засыпалі, яму прымарозіла, а тут усё размыла. Калі такое здараецца летам, усё рамантуецца хутчэй".
"Усё нармальна, усё добра"
Пацікавіўшыся мэтай званка, начальнік "Водаканала" Аляксандр Чупрыгин тут жа кінуў трубку. "У мяне проста былі іншыя важныя званкі", — пазней прастадушна патлумачыў чыноўнік.
"Ніякага рамонту ў гэтым годзе не было. Мы там нічога не капалі, — на наша здзіўленне адказвае Чупрыгін, калі мы ўсё ж такі задаём яму пытанне пра яму. — Мясцовыя жыхары памыляюцца, прарыў трубы адбыўся не ў гэтым месцы.
Пра сітуацыю я, вядома, у курсе. Калі конь ўграз, наша брыгада выехала на месца здарэння. Думалі, а раптам і, праўда, прарыў, але яго не было. З часам там проста праваліўся грунт, і яго прамыла. Праблема ў грунтовых водах. Растае снег, размываецца. Мы потым падсыпаем. Шчыра сказаць, я і так вам ужо шмат расказаў. Усё нармальна, усё добра".
***
"У горадзе Пачасалаве славутасцяў было тры: царква Прасвятой Багародзіцы дзевы Марыі, камвольна-ткацкі камбінат імя Рамона Меркадэра і лужына на цэнтральнай плошчы", — так пачынаецца апавяданне Віктара Шандаровіча пра велізарную лужыну ў цэнтры выдуманага горада Пачасалава. Мяняліся палітыкі, сыходзілі эпохі, а лужына заставалася на сваім месцы — толькі станавілася ўсё шырэйшай і з гадамі ўсё выразней адлюстроўвала ў сабе бязладнасць мясцовых уладаў, гатовых прыдумляць любыя апраўданні і адгаворкі, абы не займацца сваёй справай.
А ў цэнтры нявыдуманай вёскі Вынашаўка ў яму цалкам праваліўся конь.