Глеб Самойлаў: Я — дзіця, якое ўпала ў маразм

На самай справе, Глеб Самойлаў вельмі ветлівы і сціплы чалавек. Часам, праўда, цяжка зразумець, пра што ён кажа, і яму часам цяжка зразумець, пра што яго пытаюць, але калі паразуменне прыходзіць, Глеб шчыра дзеліцца тым, што ў яго на душы. За паўгадзіны да канцэрта ў Re:Public экс-лідар гурта "Агата Кристи" і цяперашні The Matrixx распавядае Еўрарадыё пра сваё стаўленне да былой славы, пра візіт КДБ на яго канцэрт у Мінску, пра любоў да палітыкі і выпіўкі, а таксама пра тое, як нам усім стаць нарэшце свабоднымі.
 

Я ўжо быў ўсенародна папулярным, ніякіх грошай я на гэтым не зарабіў

Еўрарадыё: Вітаем на Еўрарадыё, у нас вяшчанне на беларускай мове, спадзяёмся, вы нас разумееце.

Глеб Самойлаў: Эээ, не.

Еўрарадыё: Вы так часта бываеце ў Беларусі, няўжо яшчэ нічога не вывучылі?

Глеб Самойлаў: Вы, вядома, прабачце, але ваш прэзідэнт размаўляе выключна па-руску, чаго я павінен размаўляць па-беларуску?

Еўрарадыё: Глеб, калі вы прыязджалі ў Беларусь з развітальнымі канцэртамі "Агаты Крысці", збіралі Лядовыя палацы, нават у абласных беларускіх гарадах. Пасля гэтага вы неаднаразова бывалі ў нас ужо са сваім новым гуртом The Matrixx, але толькі ў клубах. Вас не бянтэжыць такое становішча?

Глеб Самойлаў: Мне клубы заўсёды былі значна бліжэй, чым палацы, і ў часы "Агаты Кристи". Палацы спорту і стадыёны мяне акурат прыгняталі больш за ўсё. Я люблю, калі бачу людзей перад сабой, калі магу паглядзець кожнаму ў вочы, таму клубы мне прыемней, на самай справе.

Еўрарадыё: Хіба няма амбіцый, дасягнуць хоць бы такога ж поспеху, як "Агата Кристи"?

Глеб Самойлаў: Калі б мы былі гуртом з жаданнем дасягнуць таго, чаго дасягнула "Агата Кристи", мы б спявалі, напэўна, песні гурта "Агата Кристи". Але мы першапачаткова заявілі, што не будзем гэтага рабіць. Мы — новы гурт. Мы не карыстаемся старой славай і песні "Агаты" не граем. Адзіная песня, якую мы граем у канцы — гэта тая, пра якую мы з Вадзікам дамовіліся першапачаткова, што я буду яе спяваць. Песня называецца "Порвали мечту".

Еўрарадыё: Новы гурт не жадае дамагчыся сусветнай папулярнасці?

Глеб Самойлаў: Так мы ўжо гурт сусветнага маштабу! Нашы песні на першых пазіцыях у Billboard!.. На самай справе, я ўжо быў ўсенародна папулярным, ніякіх грошай я на гэтым не зарабіў, і цяпер я проста адчуваю сябе вольным у любых эксперыментах, і мне гэта падабаецца.

У апошнім альбоме менш мату

Еўрарадыё: Гурт The Matrixx спачатку і цяпер. Ёсць змены за гэтыя некалькі гадоў?

Глеб Самойлаў: Так, усе тры альбома, якія мы за тры гады напісалі, запісалі і выпусцілі з The Matrixx — усе вельмі розныя. І, па-мойму, гэта нармальна і цікава.

Еўрарадыё: Чым, у асноўным, адрозніваецца ваш апошні альбом "Живые но мёртвые" ад папярэдніх?

Глеб Самойлаў: У апошнім альбоме менш палітыкі і менш мату.

Еўрарадыё: З чым гэта звязана?

Глеб Самойлаў: Так ні з чым, з ўнутранымі адчуваннямі.

Еўрарадыё: Вы сталееце?

Глеб Самойлаў: Так, Божа. Я старэю, але застаюся дзіцём, якое ўпала ў маразм.

Еўрарадыё: Вы ўжо бачыце, куды далей завядзе вас музычны эксперымент?

Глеб Самойлаў: Калі б я ведаў! Калі мне хочацца напісаць песню і скласці новы альбом, я кожны раз не памятаю, як гэта рабіў у мінулы раз. І кожны раз я вельмі моцна не ўпэўнены ў тым, што раблю, сумняваюся ў кожнай песні. Гэта праўда, гэта не какецтва.

Еўрарадыё: У вас няма чалавека побач, які б казаў "Глеб, усё добра"!

Глеб Самойлаў: Справа ў тым, што я нікому іншаму не давяраю...

Еўрарадыё: Нават жанчыне?

Глеб Самойлаў: Не-а.

Да нас, дарэчы, у Мінску прыходзілі неяк прадстаўнікі КДБ 

Еўрарадыё: Вы сказалі, што ў апошнім альбоме менш палітыкі, але Глеба Самойлава і The Matrixx можна ўбачыць на розных палітычных мерапрыемствах.

Глеб Самойлаў: Так, цяпер і гурт, і я асобна выступаем на палітычных акцыях, якія праводзяцца ў нас у Расіі.

Еўрарадыё: Навошта вам гэта трэба?

Глеб Самойлаў: Справа ў тым, што я з апазіцыяй сябрую яшчэ з 1999 года, гэта мая такая жыццёвая пазіцыя.

Еўрарадыё: У Беларусі выступленне на палітычных акцыях цягне вялікія праблемы для музыкаў, некаторыя не могуць больш даваць канцэрты ў сябе на радзіме.

Глеб Самойлаў: Да нас, дарэчы, у Мінску прыходзілі неяк прадстаўнікі КДБ, але, дзякуй Богу, арганізатараў своечасова папярэдзілі. Яны хацелі злавіць нас на песні "Гитлер". У песні наогул-та ёсць словы "Хайль Гитлер", але сэнс песні ў тым, што "такія ўжо мы мудакі усе, што нам трэба мець свайго Гітлера кожны раз". Тым не менш, людзі ў касцюмах прыйшлі і ўважліва слухалі. А вось фіг вам! Гэта было недзе гады два таму.

Еўрарадыё: У гэты раз вас ні пра што не папярэджвалі, не прасілі чагосьці не спяваць?

Глеб Самойлаў: Не... А што там не спяваць?

Еўрарадыё: Як мінімум, песню "Делай бомбы, а не секс".

Глеб Самойлаў: А гэтую песню мы спяваем толькі разам з Аляксеем Ніканавым. Лёша — сааўтар песні, ну, гэта значыць, мы два аўтары, Аляксей Ніканаў і я, аранжыроўку рабіў ўвесь гурт, і, увогуле-та, у нас заведзена, што калі мы выпадкова з Лёшам ў нейкім месцы не перасякаемся, то гэтую песню не спяваем. Таму што, ну хто ж заменіць Ніканава?

Чым людзям горш, тым весялей і вастрэй жарты

Еўрарадыё: Ваш вобраз чымсьці нагадвае Мэрыліна Мэнсана, толькі той на сцэне злы і жудасны, а ў жыцці вельмі вясёлы чалавек. У вас жа на твары дэпрэсія, пра якую вы і спяваеце. Яна з вамі па жыцці?

Глеб Самойлаў: Так, па жыцці.

Еўрарадыё: І не праходзіць?

Глеб Самойлаў: Ну, пасля дня выпіўкі... двух дзён выпіўкі, можа быць, нешта праходзіць, але потым зноў вяртаецца дэпрэсія... Ну так, я не такі як спадар Мэнсан, ён жа Уорнер. Я ўсяго толькі Самойлаў.

Еўрарадыё: Але вы можаце зразумець светлы бок жыцця?

Глеб Самойлаў: Абсалютна! Вы не ўяўляеце, калі мы ўсе з пахмелля, з цягніка, пераязджаем з Масквы ў Піцер, пасля ўсяго толькі некалькіх гадзін сну... Але як мы іскрым і жартуем ў гэты час! Гэта дзіўна, чым людзям горш, тым весялей і вастрэй жарты. А наогул, тое, што адбываецца ў Расіі, не выклікае усмешак, а выклікае жорсткую дэпрэсію.

Еўрарадыё: Вы ведаеце ідэальную краіну, дзе людзі жывуць шчасліва, і дзе вам было б добра?

Глеб Самойлаў: Пакуль такой краіны няма. Я спадзяюся, што калі-небудзь і Расія, і Беларусь, і Украіна стануць такімі краінамі. Я спадзяюся. Я на самой справе жадаю Беларусі таго ж самага, чаго жадаю і Расіі: давайце калі-небудзь станем свабоднымі і сумленнымі людзьмі.

Еўрарадыё: Што для гэтага трэба рабіць?

Глеб Самойлаў: Для гэтага трэба не маўчаць.

Больш фота з канцэрту ў Фэйсбуку Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі