Гомельскай міліцыі выдаткавалі салідную суму на рэканструкцыю гаража
У вайсковай частцы 5525
На будаўніцтва гаража для гомельскай міліцыі з бюджэту вылучаюць суму, эквівалентную кошту школы, піша рэсурс "Флагшток". Ён знайшоў аб'яву пра тэндар, які праводзіць Гомельскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Шукаюць падрадчыка на "рэканструкцыю аб'ектаў аўтапарка вайсковай часці 5525" (гэта ўнутраныя войскі).
На работы прадугледжана выдаткаваць з бюджэту амаль 22,5 млн рублёў (7 млн долараў). Рэсурс падлічыў, што за гэтыя грошы можна пабудаваць 2 дзіцячыя садкі ў новых мікрараёнах. Прыкладна ў такую ж суму абыходзіцца будаўніцтва невялікай школы або паліклінікі.
Работы па рэканструкцыі аб'ектаў аўтапарка ў міліцэйскай частцы павінны пачацца ўжо ў верасні. Яны разлічаныя на два гады — да верасня 2026 года. Праектная дакументацыя ўжо распрацаваная. Умяшчальнасць гаражоў, якія хочуць рэканструяваць, складае, як мяркуецца, 82 аўтамабілі. Праект прадугледжвае таксама будаўніцтва некалькіх аб'ектаў, у тым ліку адна-двухпавярховага пункта тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў з майстэрнямі і складамі. Таксама плануецца будаўніцтва аўтазаправачнага комплексу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.