Што нельга рабіць у Беларусі — гайд для турыстаў
Сілавік ля метро
Спіс таго, чаго нельга рабіць у Беларусі, можна параўнаць па даўжыні з творамі Гамера. Яшчэ ў 2017-м Еўрарадыё складала топ-10, куды ўваходзілі ў тым ліку забарона на ўжыванне алкаголю на вуліцы, неабходнасць адмовіцца ад жартаў пра бомбы ў метро і ад паркоўкі на тратуары.
Але на вуліцы 2024-ы, і ёсць шмат не самых відавочных для турыстаў забарон у Беларусі. Парушыўшы іх, можна займець сур'ёзныя праблемы — як, напрыклад, расійскі блогер Глеб, якога затрымалі ў Мінску за "хуліганства".
Такім чынам, новая порцыя парад для турыстаў: што нельга рабіць у Беларусі ў 2024 годзе.
1. Мець "няправільныя" лайкі або падпіскі
У Беларусі нельга падпісвацца або ставіць лайкі "няправільным" акаўнтам ці нават людзям. У "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" уваходзяць сотні сайтаў, старонак і паблікаў у сацыяльных сетках, відэа на ютубе і кніг.
Напрыклад, у "чорным спісе" у тым ліку УНИАН, DW, Еўрарадыё. Агулам у ім ужо пад 1200 старонак.
2. Публічна крытыкаваць Лукашэнку і краіну
Калі праходзячы міма экрана на Кастрычніцкай плошчы, турыст убачыць там Лукашэнку і захоча выказацца пра яго — могуць быць праблемы. Міліцыі на вуліцах Мінска шмат, і часта вас могуць затрымаць проста за словы. Асабліва калі вы не проста прабурчэлі нешта пад нос, а вырашылі запісаць ролік у TikTok.
Тое ж самае тычыцца каментароў у сацыяльных сетках і тэлеграме: іх манітораць і за іх таксама можна атрымаць. Нават за слова "таракан".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.