Падчас рэпрэсій у Беларусі за чатыры гады затрымлівалі каля 65 тысяч чалавек
Разгон пратэстаў у Мінску восенню 2020-га
Беларускія праваабаронцы на чарговыя ўгодкі прэзідэнцкіх выбараў 2020-га і пачатку пратэстаў супраць фальсіфікацыі іх вынікаў падрыхтавалі абноўленую статыстыку рэпрэсій. З яе вынікае, што за чатыры гады ў Беларусі затрымлівалі каля 65 тысяч чалавек. З 2020 года праваабаронцы зафіксавалі 74 тысячы фактаў рэпрэсій. Амаль 7 тысяч чалавек за палітыку сталі фігурантамі крымінальных спраў.
Калі 9 жніўня 2020-га ў РБ налічвалася 25 палітвязняў, то на сённяшні дзень іх 1385. І гэта тыя палітычныя зняволеныя, якія прызнаныя праваабаронцамі. Насамрэч рэпрэсаваных значна больш. У зняволенні загінулі 6 чалавек, яшчэ 5 чалавек загінулі падчас пратэстаў і затрыманняў. 1140 палітвязняў ужо цалкам адбылі свае тэрміны.
"У Беларусі не спыніліся рэпрэсіі, наадварот — сітуацыя крытычна пагоршылася, — піша "Вясна". — Кожны дзень па ўсёй краіне працягваюцца адвольныя затрыманні. Ператрусы, праверкі тэлефонаў, жорсткае абыходжанне пасля затрымання, жудасныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення, збіванні і катаванні сталі штодзённай рэчаіснасцю беларусаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.