Гомельскіх міліцыянтаў перасадзілі на ровары
Гомельскія міліцыянты ў якасці эксперыменту будуць выкарыстоўваць ровары для схаванага кантролю правапарадку, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама.
На ровары перасадзяць супрацоўнікаў патрульна-паставой службы. Прычым ездзіць яны будуць не ў форме, а ў звычайным адзенні, каб іх не маглі адрозніць ад іншых. Кантраляваць яны будуць месцы масавага адпачынку людзей і прыбярэжную зону — у дадатак да пешых патрулёў.
У міліцыі кажуць, што такія веламіліцыянты будуць паведамляць аб правапарушэннях бліжэйшаму нараду, "а ў выпадку вострай неабходнасці будзе гатовы яго спыніць, нечакана для парушальніка".
Як прыклад прэс-служба прыводзіць выпадак з мінулых выходных. Велапатрульны ў цывільнай вопратцы пабачыў на пляжы двух мужчын, якія выпівалі алкагольныя напоі на лавачцы. Потым яны пайшлі купацца. Міліцыянт перадаў звесткі пра іх пешаму патрулю, які і спыніў "супрацьпраўную дзейнасць" гамельчукоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.