Гомельскім святарам далі медалі за "грамадзянска-патрыятычную работу"
Гомельскія святары атрымалі ўзнагароды
1 ліпеня ў Гомелі ўручалі ўзнагароды з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ўручыў больш за 150 юбілейных медалёў.
Паводле яго, узнагароды атрымалі тыя, хто "з поўнай самааддачай вядуць грамадзянска-патрыятычную работу" — напрыклад, "выкрываюць новыя факты генацыду беларускага народа, арганізуюць выставы, акцыі, дыялогавыя пляцоўкі".
Прозвішчы ўзнагароджаных у афіцыйных справаздачах практычна амаль не называюцца. Затое "Флагшток" знайшоў некаторых з узнагароджаных у паведамленнях Гомельскай епархіі БПЦ. Медалі атрымалі чатыры святары епархіі — архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід, сакратар Гомельскай епархіі Георгій Алампіеў, благачынны Светлагорскай акругі Аляксандр Кісель. Узнагародзілі іх, як і іншых, за "грамадзянска-патрыятычную работу" — фактычна. за ўдзел у прапагандзе.
Дарэчы, 9 траўня той жа Крупко ўжо ўручаў юбілейныя медалі. Але тады яны былі названыя знакамі ў гонар 80-годдзя вызвалення Гомельскай вобласці. Тады сярод узнагароджаных быў прыхільнік ПВК "Вагнер", кіраўнік ваенна-патрыятычнага цэнтра ў Рэчыцы Уладзімір Габраў, прапагандысты, сілавікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.