Графіці з хлопчыкам у Мінску ўвайшло ў топ лепшых графіці свету за 2015 год

Графіці з хлопчыкам у Мінску ўвайшло ў топ лепшых графіці свету за 2015 год

Графіці на вуліцы Брылеўскай у Мінску, на якім хлопчык у блакітнай майцы працягвае руку маленькай дзяўчынцы, увайшло спіс лепшых стрыт-арт-аб'ектаў свету па версіі руху "I Support Street Art". Аўтарам мурала стаў італьянскі вулічны мастак Millo (Франчэска Джарджына). Цікава, што хлопчык — візітоўка Millo. Яго можна сустрэць у розных гарадах свету, у тым ліку ў суседніх Вільні і Беластоку, у розных сітуацыях.


“Самае цудоўнае ў маіх працах — гэта тое, што кожны ў іх бачыць тое, што яму падабаецца: для некаторых мае гіганты — дзеці, для іншых — прышэльцы. Гэта як некаторыя бачаць толькі будынкі, а некаторыя — толькі раўніны, — разважае мастак у інтэрв'ю Еўрарадыё. — Менавіта таму мне вельмі хацелася паказаць ідэю вялікай любові: вялікі чалавек клапоціцца пра маленькую дзяўчынку”.


Аднойчы Millo збіраецца вярнуцца ў Мінск. Калі не маляваць, дык адпачываць разам са сваёй дзяўчынай.


"Я сапраўды палюбіў Мінск. Мне вельмі спадабалася архітэктура, асабліва старая частка горада. Яшчэ я палюбіў ежу. І, самае цудоўнае, што мне давялося ўбачыць тут залатую восень”, — прызнаецца зорка італьянскага стрыт-арта.


Нагадаем, "насценны" твор "Everywhere I go" з'явіўся ў Мінску ў межах праекта Urban Myths у кастрычніку 2015-га года. У ім Millo у тым ліку згадаў праблему гарадоў, дзе людзі рухаюцца па маршруце "дом-праца", жывуць ізалявана, не ведаюць, як клічуць іх суседзяў і не ўспрымаюць гарадскую прастору сваёй.


Дарэчы, гэта ўжо трэцяе графіці праекта Urban Myths, якое патрапіла ў сусветныя топы. Дагэтуль спецыялізаваны сайт Streetartnews называў лепшымі працы "Дзяўчына ў вышыванцы" аўстралійца Гвіда ван Хельтэна і "Чалавек без твару" грэчаскага мастака Ino.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі