Грамадскасць Гродна непакоіцца за старыя кварталы горада

Грамадскія актывісты і краязнаўцы Гродна зноў звяртаюць увагу на праблемы рэканструкцыі старых кварталаў горада. Як паведаміў БелаПАН, моладзевыя актывісты рыхтуюць выстаўны мастацкі праект, прысвечаны гродзенскаму раёну Новы Свет. Раён з'явіўся ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, забудаваны пераважна двухпавярховымі будынкамі з фрагментамі архітэктуры 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

У рамках праекту гродзенскія дзеці на працягу некалькіх месяцаў будуць рабіць замалёўкі вуліц, дамоў і элементаў архітэктуры старых кварталаў. Выніковая выстава запланаваная на восень. Арганізатары спадзяюцца, што яна прыцягне ўвагу грамадскасці да гістарычных будынкаў, якія вось ужо некалькі гадоў знаходзяцца пад пагрозай зносу.

Грамадскія актывісты Гродна збіраюцца дамагацца занясення раёна гарадской забудовы Новы Свет у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Таксама яны звяртаюць увагу на праблему захавання археалагічных пластоў Гродна, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння ў сувязі з запланаваным будаўніцтвам новых мікрараёнаў у гістарычным цэнтры горада. Між тым, па ацэнцы спецыялістаў, археалагічныя пласты Гродна ўяўляюць сабой нават большую каштоўнасць, чым старыя будынкі.

У прыватнасці, плануецца забудова тэрыторыі пустуючага поля недалёка ад Старога замка, дзе могуць быць знаходкі XI стагоддзя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі