Грамадзянін ЗША, якога адпусцілі з палітвязнямі, расказаў, як трапіў за краты

Мікалай Шугаеў з сынам / асабісты архіў
Ураджэнец Беларусі Мікалай Шугаеў яшчэ на пачатку мінулага тыдня быў у СІЗА ў Віцебску. А цяпер ён праходзіць рэабілітацыю ў Тэхасе. Яго вызвалілі адначасова з палітвязнямі Андрэем Кузнечыкам і Аленай Маўшук. Сваю гісторыю мужчына расказаў журналістам "Зеркала".
Шугаеву 56 гадоў, ён нарадзіўся ў Гарадку Віцебскай вобласці. Пасля войска паступіў у Харкаўскі юрыдычны інстытут (цяпер Нацыянальны юрыдычны ўніверсітэт імя Яраслава Мудрага). "Калі паступаў, яшчэ быў Савецкі Саюз, а калі выпусціўся ў 1994-м — ужо незалежная краіна. Тады ў мяне быў савецкі пашпарт, і я меў права на беларускае грамадзянства. Але так як пераехаў ва Украіну, яны далі мне сваё", — кажа мужчына.
Мікалай ажаніўся з украінкай і ўрэшце апынуўся ва ўкраінскім Роўне, дзе працаваў у пракуратуры. У 2003-м сям'я эмігравала ў Штаты. Там Шугаеў, пражыўшы неабходную колькасць гадоў, атрымаў грамадзянства гэтай краіны. Потым адсносіны ў сям'і разладзіліся, і яны развяліся. Праз некалькі гадоў Мікалай пазнаёміўся з беларускай з Наваполацка. Яны ажаніліся, і ў 2013-м у іх нарадзіўсмя сын. Жонка з дзіцем жылі ў Беларусі, а Мікалай да іх прыязджаў.
Сын меў амерыканскае грамадзянства па бацьку, але жонка — не. Калі яна падавала заяву на візу, ёй двойчы адмовілі. Прыязджаць мог толькі сам Мікалай.
"Калі ў жніўні 2020 года прыляцеў у Беларусь, у мяне быў квіток назад, павінен быў у верасні паляцець. Але рэйс адмянілі праз кавід. Купіў новы квіток — зноў адмена. Потым увялі санкцыі — і адмянілі наогул усе рэйсы. Увогуле, так і застаўся на некалькі гадоў у Наваполацку. Але не шкадаваў: у ЗША вельмі сумаваў па сям'і", — кажа Шугаеў.
Ён прызнаецца, што пра ўнутрыбеларускія падзеі да прыезду ведаў няшмат: "Атрымалася так, што я апынуўся залучаны ў гэтыя падзеі па факце прыезду. Выхады людзей на вуліцы, пратэсты — мне таксама давялося ўзяць удзел і ў Полацку, у Наваполацку. Мае палітычныя погляды вельмі канкрэтныя: лічу, у краіне павінны быць сумленныя, прыстойныя выбары, прэзідэнты — абірацца".
Пасля заціхання пратэстаў Мікалай не трапляў у поле зроку сілавікоў. У ліпені 2024-га развёўся з другой жонкай, але з'язджаць не спяшаўся — праз сына. А 13 вераня яго затрымалі, калі ішоў у аптэку па лекі для захварэлага сына.
"Спачатку проста пачуў ззаду два гучныя хлапкі. Не зразумеў, што гэта — святлошумавыя гранаты, петарды? Паварочваюся — у мой бок бягуць нейкія ўзброеныя людзі. У поўнай экіпіроўцы — бронекамізэльках, касках, з аўтаматамі, нешта крычаць. Адчуванне, быццам гэта адбывалася ў нейкім кіно. Падбеглі, ударылі па нагах, павалілі на зямлю тварам уніз, парвалі куртку, разбілі тэлефон, рукі ззаду скавалі кайданкамі. Паднялі на ногі, падвялі да машыны, зноў кінулі на зямлю. Тыкалі камеру ў твар, крычалі: маўляў, ты ведаеш, за што цябе затрымліваюць? А я супрацьзаконнага нічога не здзяйсняў. Усё думаў пра хворага сына, казаў ім, што дома дзіця. Ніякай рэакцыі", — згадвае мужчына.
За падпіскі на незалежныя рэсурсы, якія ў Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі", на яго склалі пратакол і арыштавалі. Дома правялі ператрус: канфіскавалі тэхніку (камп'ютар, тэлефон, карты памяці), забралі сцягі ЗША і Украіны, якія віселі на сцяне, кнігі Джорджа Оруэла "1984" і "Ферма", нават фатаграфіі часоў універсітэта.
Потым Мікалая яшчэ тры разы дадавалі "суткі". У тым ліку за ўкраінскі сцяг на аватарцы ў сацсетках — гэта прызналі несанкцыянаваным пікетам. Агулам у Наваполацкім ЦІП мужчына правёў 56 дзён. За ўкраінскі пашпарт да яго ставіліся кепска: пастаянна абражалі, называлі хахлом, фашыстам, нацыстам. На допытах пыталіся, ці вербаваў ён грамадзян Беларусі для вайны, ці працаваў на выведку Вялікабрытаніі, ЗША, Украіны.
Пасля "сутак" яго сустрэлі супрацоўнікі ГУБАЗіК — на мужчыну пачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў абразе Лукашэнкі.
Мужчына мяркуе, што затрымалі яго па наводцы былой жонкі. Паводле яго, скрыншоты перасланых спасылак, якія паказвалі сілавікі, былі зробленыя з яе тэлефона. Таксама кажа, быццам у матэрыялах справы былі яе паказанні, што былы муж удзельнічаў у пратэстах. Так яна хацела пазбавіць яго магчымасці кантактаваць з сынам.
Пра сваё вызваленне Шугаеў не ведаў да апошняга моманту. Яго пасадзілі ў машыну, начапілі на галаву мяшок і кудысьці павезлі. "Былі пагрозы, што мяне чамусьці дэпартуюць у Расію і перададуць ФСБ, бо я дрэнна напісаў пра іх войска ("расійскі ваенны карабель, Іідзі на**й"). Яшчэ думаў, што з намі хочуць зладзіць нейкую правакацыю на мяжы", — расказвае мужчына.
А калі пабачыў амерыканцаў на мяжы з Літвой, дык праслязіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.