Грамадзяніна Ірана могуць выслаць з Беларусі ў абыход працэдуры экстрадыцыі

47-гадовага іранца, які больш за 20 гадоў пражывае ў Беларусі, праваахоўнікі першы раз арыштавалі ў снежні 2012 года. Іранскія ўлады даслалі ў Беларусь запыт з патрабаваннем экстрадаваць яго на радзіму. Мужчыну вінавацяць у забойстве сваёй маці і брата. Па словах самога Мерхдада Джамшыдыяна, ён перыядычна наведваў Іран, аднак у момант здзяйснення злачынства знаходзіўся ў Беларусі.

Мужчына знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання больш за пяць месяцаў, але затым быў вызвалены. Генеральная пракуратура Беларусі тады адмовіла Ірану ў экстрадыцыі.

Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, які сочыць за гэтай гісторыяй, іранца зноў затрымалі і з чэрвеня ён утрымліваецца пад вартай. На яго думку, іранца могуць адправіць на радзіму ў абыход належных правілаў экстрадыцыі.

"Па сутнасці справы працэдура экстрадыцыі непаўнавартасная — пракуратура гэта прызнала — няма дастатковых падставаў для яго экстрадыцыі. Але ў абыход гэтай працэдуры яго ўсё адно вырашылі дэпартаваць. Падставы прыводзяцца смешныя. У прыватнасці, ён жа не прызнаны вінаватым у гэтым злачынстве, а ўсяго толькі падазраецца. Папросту вырашылі, што гэтая асоба непажаданая — "навошта такі патрэбны?" Вырашылі яго выслаць".

Іранец паспрабаваў атрымаць у Беларусі статус бежанца. Аднак Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС яму адмовіў. Адмовілі Джамшыдыяну і ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, дзе ён спрабаваў абскардзіць рашэнне Дэпартамента. Цяпер іранец чакае разгляду скаргі ў Мінскім гарадскім судзе.

Калі іранца вярнуць на радзіму, яму пагражае смяротнае пакаранне, кажа Раман Кісляк. Праваабаронца дадае, што сітуацыя з правасуддзем у Іране крытычная. Напрыклад, падчас следства актыўна выкарыстоўваюцца катаванні, а суды амаль не ўлічваюць довады абароны:

 "Належнага следства па катаваннях не праводзіцца, а катаванні рэгулярныя не толькі ў дачыненні да палітычнай апазіцыі... Іх катуюць, прымушаюць агаварыць сябе. Усё гэта кажа пра парушэнне забароны катаванняў і жорсткага абыходжання. Вядома, калі па выніку такога працэсу будзе смяротнае пакаранне, то па сутнасці самавольна пазбавяць жыцця чалавека, не выясніўшы, сапраўды вінаваты ён у здзяйсненні гэтага злачынства ці не".

Мерхдад Джамшыдыян прыжывае ў Беларусі з 1993 года. Тут ён завёў сям'ю з беларускай Аленай, ад якой мае траіх дзяцей: дзвюх дачок 20 і 15 гадоў і 16-гадовага сына.

Працяг і падрабязнасці гэтай гісторыі слухайце ў наступнай праграме Кардыяграма

Фота: naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі