Гродзенец сабраў унікальную калекцыю старога шкла (фота)
Больш за сотню старых кілішкаў, цукарніцаў, сялёдачніцаў ды іншага сталовага посуду са шкла можна ўбачыць у прыватным музеі “У Януша” у Горадні. Уся экспазіцыя — цалкам нефармальная: любы прадмет можна пакруціць у руках або паднесці да акна, каб разгледзець адценні шкла на святле.
Разынка выставы — даваеннае шкло фабрыкі “Нёман”, якая дагэтуль працуе ў Бярозаўцы, на Гродзеншчыне. Пра яго распавядае гаспадар прыватнага музея Ян Паруліс:
Паруліс: "Шкло фабрыкі “Нёман” праславіла прадпрыемства на ўвесь свет. Тут замаўляла рэчы і каралева Англіі, і ўсходнія султанаты. Але галоўнае, што нёманскім шклом карысталіся гродзенцы, у тым ліку мая радня".
Частку рэчаў калекцыянер набыў, іншыя прадметы дасталіся ў спадчыну ад родных і сваякоў, якія жылі ў Гродне яшчэ да вайны.
Паруліс шкадуе, што цяпер майстэрства шкляных вырабаў фактычна занядбанае ў Бярозаўцы: замест элегантных графінаў ды кілішкаў там вырабляюць шкловату. Пры гэтым у Польшчы “нёманскае шкло” даўно стала азнакай добрага густу сярод калекцыянераў. Аўтар выставы спадзяецца, што прыйдзе час, калі крохкія творы мастацтва ацэняць і на радзіме.