Гродзенскага журналіста на час "марша недармаедаў" выклікаюць у міліцыю
У Гродне міліцыя вырашыла блакаваць журналіста сайта Hrodna.life на час запланаванага на сёння "марша недармаедаў". Пра гэта паведамляе рэдакцыя сайта.
Журналісту Руслану Кулевічу 15 сакавіка затэлефанавалі міліцыянты і запрасілі на размову ў Ленінскі РАУС Гродна. Яны заявілі, быццам са Следчага камітэту прыйшло даручэнне дапытаць яго як сведку па справе размаляванага моста ў Каложскім парку. Кулевіча запрасілі ў РАУС на 15.45, прычым афіцыйную позву яму не перадавалі. Калегі журналіста мяркуюць, што яго хочуць затрымаць на час акцыі.
З нагоды малюнкаў на мосце ў Каложскім парку выклікаюць таксама Аляксандра Абуховіча. За лютаўскую акцыю пратэстаў "недармаедаў" ён 14 сакавіка быў аштрафаваны на 460 рублёў (20 базавых велічыняў).
Акцыя ў Гродне павінна пачацца а 18-й гадзіне ў парку Жылібера. Дазволу на яго правядзенне гарадскія ўлады не далі. Галоўных арганізатараў пратэсту на судах 14 сакавіка прысудзілі да 13-15 сутак арышту. У самім парку на дрэвах павесілі дадатковыя камеры відэаназірання.
Ёсць таксама звесткі, што гродзенскім студэнтам перанеслі заняткі на вечар і папрасілі падпісаць заяву, што яны не будуць удзельнічаць у недазволеных сходах.