Гродзенская міліцыя прыйшла да пенсіянера ў лякарню пагаварыць пра мітынг
Увечары 19 сакавіка ў лякарню да Мікалая Саляніка, які ляжыць з запаленнем лёгкіх, прыйшлі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Як паведамляе hrodna.life, міліцыянты хацелі пагаварыць з Салянікам пра марш недармаедаў, які прайшоў 15 сакавіка ў Гродне. Мужчына адмовіўся размаўляць з наведнікамі.
Салянік мяркуе, што яго хацелі забраць з лякарні за ўдзел у мітынгу 15 сакавіка. "Міліцыянтам я прапанаваў: калі хочуць, хай мяне забіраюць, скручваюць і завозяць, калі забяспечаць належны медыцынскі дагляд. Таксама я ім сказаў, што пакуль яны не вывучаць канстытуцыю, я з імі размаўляць не буду. Асабіста я нічога антыканстытуцыйнага не зрабіў і не збіраўся нават", — паведаміў мужчына.
Раней пенсіянер быў 14 сакавіка аштрафаваны на 184 рублі (8 базавых велічыняў) за лютаўскую акцыю пратэсту ў Гродне.