“Грошы патрэбныя тут і цяпер”. Чаму ў Беларусі дарагія агуркі?
Агуркі / freepik.com
"Газ дарагі стаў, а гэта ж трэба ацяпляць цяпліцы, дасвечваць. Гэта ўсё для іх дорага стала, яны знізілі вытворчасць", — так кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў тлумачыць, чаму імпартныя агуркі ў беларускіх крамах каштуюць дорага — 16 рублёў за кілаграм.
Ці сапраўды прычына менавіта ў гэтым? Вось што адказвае Еўрарадыё дырэктар па развіцці бізнесу кампаніі Datatile у Расіі і Усходняй Еўропе Валянцін Сакалоўскі:
— Не ведаю нават, як каментаваць, бо тыя прычыны, якія агучвае Багданаў, не адпавядаюць рэальнаму стану рэчаў. У Еўропе няма ніякага драматычнага павышэння цэн на агуркі. Агуркоў хапае. Едуць яны з Грэцыі, Турцыі — тых краін, дзе цёпла, дзе цэны на газ і іншую энергію не вельмі ўплываюць на цану агуркоў.
Чаму ў Беларусі выраслі цэны на агуркі, адказаць цяжка. У Польшчы, напрыклад, увогуле скандал з тым, што туды едуць расійскія агуркі, якія таннейшыя за польскія, і палякам складана з гэтым канкураваць. Едуць яны, што самае дзіўнае, праз Беларусь. То-бок вырошчваюць агуркі ў Расіі, а імпарцёр у Польшчу — беларус.
Што адбываецца ў Беларусі — не ведаю. Можа, гэта звязана з абмежаваннямі цэн ці з нежаданнем імпарцёраў звязвацца з беларусамі, напрыклад, з прычыны санкцый? Такія рыначныя абмежаванні маглі даць такія цэны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.