Грошы з ўтылізацыйнага збору на ўтылізацыю аўтамабіляў не пойдуць?

Аўтадылеры з "Атлант-М" кажуць Еўрарадыё, што праблем з аплатай утылізацыйнага збору няма ніякіх: ёсць рахунак, ёсць куды плаціць.

"Плацім і працуем па новым заканадаўстве", — хоць тут і не называюць, колькі ўжо аўтамабіляў увезлі ў Беларусь і колькі грошай утылізацыйнага збору заплацілі.

Але на ўтылізацыі свайго аўтамабіля ў Мінску можна самому зарабіць, напрыклад, праз пункты прыёму металалому. У планавым аддзеле "Белдругасмета", які прымае аўтамабілі на металалом, Еўрарадыё нават называюць лічбы, колькі каштуе ламачча.

"Як фізічная асоба здаяце машыну? Тады за тону — 1,5 мільёна рублёў", — кажуць на прадпрыемстве. Калі ваша машына не будзе разабраная, тады кошт за мешаны метал будзе меншы — 1,3 мільёны за тону. Акурат пакрыецца ўтылізацыйны збор! Для юрыдычных асоб расцэнкі іншыя — ўдвая танней. А здаваць машыну на запчасткі яшчэ выгадней. Да прыкладу, каб купіць з такіх запчастак толькі капот для Аўдзі 100, трэба заплаціць 100-120 ўмоўных.

Атрымліваецца,  здаць аўтамабіль на метал ці распрадаць на запчасткі — выгадна. Дык навошта тады трэба плаціць ўтыльзбор і каму?

Нагадаем, для фізічных асобаў збор на новае аўто складзе 55 долараў, на старое — 83 долары, гібрыды і электрамабілі — 476 долараў за новыя і 2936 долараў за аўто, старэйшыя за 3 гады. Для юрыдычных асобаў базавая стаўка — 150 тысяч расійскіх рублёў (4155 долараў). Каэфіцыенты будуць ад 0,5 да 40 — у залежнасці ад транспартных сродкаў і іх масы.

У брэсцкім філіяле прадпрыемства "Белдругасмет" пытаюся, ці здаюць ім машыны, і ці будуць ім плаціць за тое, што яны ўтылізуюць машыны. Але яснасці няма. Цяпер машыну прымаюць без масла, без шкла, без гумы.

"Не гатовыя мы казаць пра ўтылізацыю. Калі будзе ўтылізацыя, тады мы будзем прымаць машыну цалкам і тут разбіраць. Па ідэі, нам павінна плаціць дзяржава, але як будзе — не ведаем", — кажуць ў Брэсце.

Куды пойдуць грошы ад ўтыльзбору, не ведаюць і ў Міністэрстве эканомікі. Тут ківаюць на распрацоўшчыкаў указу — Міністэрства прамысловасці, а там адсылаюць да Міністэрства па падатках і зборах ды Дзяржаўнага мытнага камітэту. Падаткавікі самі ў шоку ад такога павароту:

"Мы каментавалі збор па допуску транспартных сродкаў да дарог, хаця, не мелі дачынення да гэтага ніякіх. Гэты збор мы каментаваць не будзем! Мы толькі кантралюем паступленні", — смяюцца ў Міністэрстве па падатках. Тут кажуць, што разумеюць, чаму нікому не хочацца каментаваць непапулярны сярод беларусаў збор.

Яснасць уносяць у Міністэрстве фінансаў. Па словах Мінфіна, калі ва ўказе няма мэтаў збору, тады сродкі паступаюць… у рэспубліканскі бюджэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі