Група чыноўнікаў з Міёрскага спажыўтаварыства падазраецца ў раскраданні Br3 млрд
Упраўленне Следчага камітэту па Віцебскай вобласці расследуе крымінальную справу ў дачыненні дзевяці службовых асобаў Міёрскага раённага спажывецкага таварыства, якія падазраюцца ў буйным раскраданні шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Як інфармуе прэс-служба СК, крымінальную справу распачалі па матэрыялах праверкі, зладжанай упраўленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Віцебскай абласной міліцыі. Выявілася, што дзевяць службоўцаў, сярод якіх бухгалтары, касіры і загадчыкі крамамі, распрацавалі некалькі злачынных схемаў, карыстаючыся якімі змаглі скрасці 3 мільярды бюджэтных сродкаў. Сваёй злачыннай дзейнасцю яны займаліся цягам трох год. Пры гэтым яны кралі як грошы з касаў, так тавары.
Сямёра падазраваных з дзевяці ўзятыя пад варту. Расследаванне справы працягваецца.
Фота з архіву