Групу журналістаў затрымалі ў Мінску

Акцыя супраць акупацыі расійскімі войскамі тэрыторыі Украіны — Крыма мусіла адбыцца 2 сакавіка ля амбасады Расійскай Федэрацыі ў Мінску. Яшчэ да яе пачатку праваахоўнікі затрымалі журналістаў незалежных СМІ, якія планавалі асвятляць акцыю.



Так, па сведчанні відавочцаў, карэспандэнтку Радыё Свабода Іну Студзінскую некалькі міліцыянтаў літаральна занеслі на руках у аўтазак. Пасля яе перасадзілі ў міліцэйскі ГАЗік і, павазіўшы па горадзе, вызвалілі без тлумачэння прычын затрымання.



Апроч таго, былі затрыманыя журналісты Уладзімір Грыдзін, Ірына Арахоўская, Васіль Сямашка, Сяргей Гапон, Арцём Лява і Яўген Ерчак. Пасля затрымання ўсіх журналістаў даставілі у Цэнтральнае РУУС. Па інфармацыі, затрыманнямі ля амбасады кіраваў асабіста начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў.



Як паведаміў Еўрарадыё Сяргей Гапон, праз некаторы час усіх затрыманых вызвалілі без складання пратаколу. Адзінае міліцыянтамі быў паўторна затрыманы журналіст БелаПАН Васіль Сямашка за вокліч "Слава героям!" проста ў пастарунку. Вынік гэтага паўторнага затрымання пакуль не вядомы.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, апроч журналістаў былі затрыманыя каля 20 удзельнікаў акцыі. Па не пацверджанай інфармацыі, разам з пратэстоўцамі быў затрыманы і аташэ Расейскай амбасады Аляксандр Пчалінцаў.

Фота з Фэйсбука Сяргея Гапона.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі