Грузіны "Мгзаврэбі" выдалі новы альбом і вязуць яго ў Мінск
Каманда ўпершыню сыграе ў беларускай сталіцы 6 лістапада.
Адзін з галоўных грузінскіх гуртоў, "Мгзаврэбі", прадставіў на сайце "Афіша. Волна" новую кружэлку "In Vino Veritas".
Калектыў быў створаны ў 2006 годзе. Папулярнасць да яго прыйшла пасля выхаду фільма Давіда Імедашвілі "Горад мары", да якога гурт напісаў саўнд-трэк. Каманда ўяўляе сабой аркестрык, склад якога залежыць ад пляцоўкі ці падзеі. У дыскаграфіі гурта 5 кружэлак. Калектыў супрацоўнічаў з Пласіда Дамінга, Buena Vista Social Club, Андрэа Бачэлі і Ніно Катамадзэ.
У сваёй музыцы музыкі спалучаюць карнявыя грузінскія спевы і сучасныя сусветныя тэндэнцыі, выдаючы яскравую world-music. "Мгзаврэбі", у перакладзе “Вандроўнікі”, кажуць, што іх альбом пра каханне, віно, прыгожую Радзіму і пра тое, што “прарвемся”.
Услед за кружэлкай музыкі выпусцілі кліп на загалоўны трэк альбома.
6 лістапада "Мгзаврэбі" упершыню выступяць у Мінску. Канцэрт у падтрымку альбома, пройдзе ў сталічным клубе Re:Public. Папярэднія кошты квіткоў складаюць 200-250 тысяч. Даведкі: +375-29-110-35-35.
Фота: www.mgzavrebi.com