Гурт “Красные звёзды” прэзентуе сінгл “Перекрёсток” (слухаць)
Музыкі анансуюць ім новы альбом з назвай "13" (прывітанне, Black Sabbath!), на якім распавядаюць пра бытавы гераізм.
Спачатку музыкі планавалі прэзентаваць толькі адну песню — "Перекрёсток". Але, паразважаўшы, прыйшлі да высновы, што адзін трэк — гэта не рэпрэзентатыўна. І дадалі ў сінгл яшчэ адну кампазіцыю — "Магнитофон". Абедзьве можна паслухаць ніжэй.
Цяпер гурт працуе над альбомам пад працоўнай назвай “13”, які ўбачыць свет ужо ўвосень.
“Гэта будуць вельмі розныя песні! Да такой ступені розныя, што нават па гуку яны ледзь-ледзь падобныя, — распавядае Еўрарадыё Уладзімір Селіванаў. — На пласцінцы будуць як даволі лёгкія, амаль танцавальныя кампазіцыі, кшталту “Перёкрестка”, так і даволі цяжкія — як, напрыклад, сама песня “13”. Натуральна, мы вызначым нейкую гукавую канцэпцыю, каб усё гэта не выглядала ляпіста”.
Будучы альбом распавядае пра розныя гісторыі, якія адбыліся з “Красными звёздами” цягам 13 гадоў, у перыяд з 2000 да 2013. Паралеляў з альбомам Black Sabbath, які выйшаў 10 чэрвеня і таксама называецца “13”, музыкі не праводзілі. А супадзенне назваў — гэта толькі збег абставінаў.
“Наша пласцінка выйдзе, калі альбом Black Sabbath ужо перастане грымець — 18 кастрычніка, — смяецца Уладзімір Селіванаў. — У альбоме мы ўвогуле адыходзім ад любой ідэалогіі ды ад таго, каб глыбока лезці ў сацыяльныя працэсы. Пласцінкай мы вырашылі паказаць, як гераізм функцыянуе ў рэальным жыцці. Гэткі бытавы гераізм! Для нас гэта не толькі кідацца на амбразуру. Падарыць дзяўчыне кветкі знянацку — гэта таксама гераізм!”
Да канца лета “Красные звёзды” выкладуць у сеціва яшчэ адзін сінгл. Прэзентацыя альбома адбудзецца 18 кастрычніка ў піцерскім клубе “Мод” ды 20 кастрычніка ў маскоўскім “Б-2”.