Гурт Nizkiz прэзентуе на Еўрарадыё дэбютны кліп
Адмысловая відэасправаздача з паездкі на “Соседній мір” стала першым з 4-х ролікаў, якія гурт плануе паказаць цягам сезона.
Лайв-прэзентацыя відэа на песню “Кроме” адбылася падчас сольнага канцэрта Nizkiz у сталічным клубе TNT. Выбар кампазіцыі стаў нечаканым, але менавіта на такую рэакцыю сваіх прыхільнікаў і разлічвалі музыканты.
“З пункту гледжання здаровага сэнсу, кліпы здымаюць на правераныя “баевікі”. А мы вырашылі зняць відэа на лірычную кампазіцыю пра каханне — усё ж мы гурт, які час ад часу спявае пра пачуцці, недзе ў глыбіні душы”, — смяецца гітарыст Nizkiz Міця Садавы.
Кліп быў зняты падчас сёлетняй паездкі Nizkiz на фестываль “Соседний мир”, таму ўяўляе сабой, хутчэй, live-відэа. Музыкі распавядаюць, што здымаць давялося на 12 камер, бо "іх увесь час кралі ці залівалі вадой".
“Мы хацелі паказаць у жывым фармаце, без усялякіх пастановак, як усё насамрэч адбываецца на фэсце. Паспрабавалі перадаць атмасферу без усялякіх дубляў. Усё жыва, натуральна і шчыра!” — распавядае бубнач гурта Дзіма Халяўкін.
Цяпер гурт працуе над запісам другога альбома ды плануе зняць яшчэ некалькі кліпаў на старыя і новыя кампазіцыі. Чакаецца, што пласцінка ўбачыць свет на пачатку будучага года.