Гурт Nizkiz прэзентуе новы альбом “Лірика” (слухаць)
Калі гэтая навіна ў суполках гурта назбірае 500 лайкаў, будзе прэзентаваны і яшчэ адзін бонус.
Магілёўскі гурт Nizkiz прадставіў на сваіх старонках у сацыяльных сетках новы альбом “Лірика”. “Украінскае” напісанне назвы музыкі тлумачаць жаданнем паказаць, што на дыск трапілі песні на расійскай і беларускай мовах.
“Сто адсоткаў, што гэты альбом сур’ёзна адрозніваецца ад дэбютнага, — дзеліцца ўражаннямі ад рэлізу вакаліст гурта Аляксандр Ільін. — Як бы я ні любіў гэты выраз, але мне падаецца, што ён больш дарослы. Да яго мы падыходзілі больш свядома. Калі да дэбютнага дыска мы падыходзілі больш на эмоцыях, то да другога: эмоцыі плюс тэхнічныя моманты. А мы падраслі яшчэ і тэхнічна”.
Аляксандр прызнаецца, што сам запіс у студыі прайшоў амаль без нараканняў, толькі 1-2% запісанага матэрыялу падвергліся карэктыроўцы. Дапамагла ў гэтым руплівая праца і дасканалы разбор трэкаў напярэдадні запісу.
На дыск трапілі дзевяць трэкаў, два з іх — беларускамоўныя “Як спыняецца цішыня” і выдадзеная раней у якасці сінгла “Цяпер і далей”. Апроч таго, Nizkiz пакуль прытрымалі нейкі падарунак для прыхільнікаў. “Нашы аматары вельмі даўно гэтага прасілі, таму яны зразумеюць, пра што вядзецца гаворка”, — інтрыгуе Аляксандр. Каб атрымаць падрыхтаваны сюрпрыз, музыкі прапануюць публіцы назбіраць 500 лайкаў пад прэзентацыяй альбома ў сацыяльных сетках.
26 сакавіка ў сталічным Jack Club адбудзецца мінская прэзентацыя альбома, але дыскаў на канцэрце пакуль не будзе. З’явяцца яны пазней, бо музыканты папросту не паспелі надрукаваць наклад. Delux-выданне, якое будзе ўтрымліваць і сюрпрыз, можна будзе атрымаць праз замову ў адміністратараў суполак гурта ў сацсетках.