Гурт Nizkiz разагрэе галандскіх сімфонік-рокераў Within Temptation
Магілёўцы адыграюць паўнавартасны сэт падчас мінскай прэзентацыі новага альбома металістаў.
Магілёўскі гурт Nizkiz выступіць на разагрэве галандскіх сімфонік-рокераў Within Temptation. Музыкі прызнаюцца, што для іх саміх гэта стала нечаканасцю, бо ніякіх заявак на ўдзел у канцэрце не падавалі.
“Нам проста пазванілі арганізатары канцэрта, спыталіся, ці зацікаўленыя мы, ці зможам, і мы пагадзіліся, — каментуе бубнач магілёўцаў Зміцер Халяўкін. — Магчыма, тое, што мы ўдзельнічалі на выхадных у канферэнцыі Colisium, дзе былі і арганізатары канцэрта, паўплывала. Цяпер будзем ведаць, што музыкам варта ўдзельнічаць у такіх рэчах”.
Зміцер дадае, што сярод удзельнікаў гурта фанатаў Within Temptation няма, але з творчасцю нідэрландцаў знаёмыя. А тое, што працуюць калектывы ў абсалютна розных стылістыках, Nizkiz не палохае. Маўляў, “для жывых канцэртаў важны не накірунак музыкі, а энергетыка ды драйв, якіх у гурта хапае”.
Канцэрт пройдзе 5 сакавіка ў Палацы Спорта. Nizkiz будуць граць не менш за 30 хвілін. Пасля чаго пачнецца прэзентацыя шостага студыйнага альбома Within Temptation, які атрымаў назву “Hydra” і быў выдадзены 31 студзеня 2014 года.