Гурт Pomidor/OFF не выступіць на фэсце "ПІКНІК.BY"
На такое рашэнне паўплывалі “не адпачынкі, хваробы ці ўварванне прышэльцаў”, а непаразуменні з арганізатарамі фестывалю.
Гурт Pomidor/OFF адмовіўся ад выступу на фестывалі "ПІКНІК.BY", які пройдзе 29 чэрвеня ў загарадным комплексе “Камарова village”. Лідар каманды Аляксандр Памідораў у сацыяльных сетках паўжартам адзначае, што на такое рашэнне паўплывалі “не адпачынкі, хваробы ды ўварванне прышэльцаў, а менавіта рознагалоссі з арганізатарамі”.
“Хутар “Шаблі” для гурта Pomidor/OFF — цікавая, нармальная магчымасць спалучэння карыснага з прыемным, — каментуе музыка для Еўрарадыё. — І перамена лакацыі фестывалю паўплывала на ўмовы нашага ўдзелу. Нам, натуральна, шкада! Але канфлікт інтарэсаў не дазваляе выступіць на “Пікніку”, бо арганізатары не жадаюць ісці на нашы, лічу, што больш чым сціплыя ўмовы”.
Гурт Pomidor/OFF не першы, хто адмовіўся выступаць на фэсце з-за “рознагалоссяў з арганізатарамі”. Раней з такім жа тлумачэннем з лайн-апу “Пікнік.by” выйшлі “Аддис Абеба”.
Але, нягледзячы на змену пляцоўкі, на фестывалі 29 чэрвеня выступяць “Разбітае Сэрца Пацана”, Sounduk, “Крама”, Botanic Project, :B:N:, Clover Club, “Красные Звёзды”, Паліна Рэспубліка, “Гаротніца”, “Нагуаль”, Recha, “Людзі на балоце”, “Гуда”, The Road Dogs, “Всё Crazy”, Step Hall, Artefact, “Дядьки” (Масква), “Тесто” (Санкт-Петербург), “Плагиат”.
Нядаўна да лайн-апу далучыўся кабарэ бэнд "Серебряная Свадьба", які выступіць з праграмай The Best і закрые адну са сцэн сёлетняга "ПІКНІК.BY".