Гурт “РСП” прэзентаваў альбом “Пасрэдствам срэдств” (слухаць)
Трэці паўнафарматны альбом “Разбітага сэрца пацана” “Пасрэдствам срэдст” мусіў з’явіцца яшчэ вясной. Пра гэта заяўлялася напрыканцы 2014 года падчас прэзентацый песні “Что-то не так” і кліпа на “Вам, наркаманам”. Абодва хіты, дарэчы, трапілі на пласцінку, прычым, без заўважных зменаў, менавіта ў тым выглядзе, у якім іх палюбілі аматары гурта. Але, як гэта звычайна і бывае з рэлізамі “РСП”, усё зацягнулася, і новы дыск афіцыйна выйшаў у пятніцу, 13 лістапада на 34mag.net. Цяпер музыкі спрабуюць “адбіць гукарэжысёра”, збіраючы грошы праз краўдфандынгавую платформу. Адбіць пакуль удалося на 15 мільёнаў.
"РСП" ужо даўно абяцаюць перайсці на адну з афіцыйных дзяржаўных моў Беларусі. Такім чынам хлопцы плануюць нарэшце пазбавіцца ад несур’ёнага ўспрыняцця іх высокай лірыкі. Але пакуль нешта не так. Неафіцыйная дзяржаўная і самая папулярная ў народзе мова — трасянка — пакуль застаецца асноўнай і на новым альбоме. Не апраўдваюць сталічныя балакі і чаканні прыцягнуць да ўдзелу ў запісе альбома мангольскі народны аркестр, пра які казалі яшчэ падчас падрыхтоўкі папярэдніка “Не налівай”. Хоць першы крок зроблены: дыск адкрывае трэк з гучнай і паказальнай назвай Intro, дзе вакаліруе, па словах саміх музыкаў, гастарбайтар з нейкай усходняй краіны.
А калі сур’ёзна, то “Разбітае сэрца пацана” з аднаго боку трымае марку сябе класічных, з іншага ― шукае сябе новых. Адсюль шмат цікавых і прагрэсіўных эксперыментаў, якія могуць быць успрынятыя неадназначна. "РСП" у новым альбоме ўжо не калдыры з аграгарадка, а адзінокія хіпстары.
Больш падрабязна пра кожны з 14 трэкаў чытайце тут.