Хакеры атрымалі доступ да 50 мільёнаў акаўнтаў Facebook
Хакеры атрымалі доступ прыблізна да 50 мільёнаў акаўнтаў Facebook, інфармуе ў пятніцу кампанія. Яны скарысталіся ўразлівасцю ў кодзе сацыяльнай сеткі. Узлом быў выяўлены ў чацвер, тады ж Facebook звярнулася ў паліцыю. Пакуль невядома, хто стаіць за маштабнай акцыяй.
У кампаніі сцвярджаюць, што праблема ў бяспецы ліквідаваная, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Як інфармуе meduza.io, зламыснікі выкарысталі ўразлівасць, звязаную з функцыяй "Паглядзець як". Ім удалося выкрасці ключы доступу, якія дазваляюць карыстальнікам не ўводзіць лагін і пароль пры кожным выкарыстанні сацсеткі. З дапамогай гэтых ключоў хакеры маглі атрымаць кантроль над акаўнтамі, але ў Facebook пакуль не ведаюць, ці былі ў выніку выкрадзеныя нейкія акаўнты. У мэтах бяспекі сацыяльная сетка змяніла ключы доступу да 90 мільёнаў акаўнтаў. З-за гэтага іх уладальнікам ў пятніцу прыйшлося зноўку залагініцца. Мяняць пароль, як сцвярджаюць у Facebook, не трэба.