ХК “Віцебск” зарабіў камерцыяй у 4 разы больш за дзяржпадтрымку

Указ №191 патрабуе, каб беларускія клубы з гульнявых відаў спорту самі імкнуліся зарабляць пры дапамозе камерцыі. Ад іх  просяць, каб прыцягвалі рэкламадаўцаў, здавалі у арэнду свае памяшканні, займаліся арганізацыяй парковак і гэтак далей.

Пры гэтым дзяржпадтрымку не адмянілі. Але ў 2013 годзе клубы мусілі самастойна зарабіць хаця б 20% ад яе. А сёлета — 50%.

Пры гэтым многія апынуліся ў няпростым становішчы. Развітага рынку ў спартовай галіне мы не маем. Людзей на матчы, як правіла, ходзіць няшмат, квіткі каштуюць параўнальна нядорага. На рэкламе таксама асабліва не пашчыруеш: буйныя прадпрыемствы часта з’яўляюцца манапалістамі, і змагацца за спажыўца пры дапамозе рэкламы ім патрэбы няма.

Да прыкладу, ФК “Тарпеда-БелАЗ” з Жодзіна, які сёння нечакана для многіх змагаецца за бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі, у мінулым годзе не зарабіў і мінімальных 20% пры дапамозе камерцыйнай дзейнасці. Таму, як кажуць у кіраўніцтве клуба, існуюць без дзяржпадтрымкі.

“Жывём за кошт рэкламы і спонсарскіх ахвяраванняў, — кажа дырэктар “Тарпеда-БелАЗ” Міхаіл Хлус. — Узнікаюць і праблемы, і пазычанасці перад футбалістамі. Тым не менш імкнёмся змагацца за бронзавыя медалі і выконваць абавязкі перад гульцамі і заўзятарамі. У плане рэкламных паступленняў нас падтрымлівае “БелАЗ” і партнёры аўтазавода. Найбольшы рэкламны інтарэс у кампаній выклікае ўдзел у еўракубках. Але мы ад гэтага пакуль былі далёкія. Дай Бог, нешта атрымаецца ў гэтым годзе”.

У салігорскім ФК “Шахцёр” Еўрарадыё паведамілі, што клуб практычна здолеў выканаць акрэсленыя законам нарматывы.

Пры гэтым вельмі дапамагло адносна паспяховае выступленне “Шахцёра” ў еўракубках (у пераліку на беларускія рублі паступленні складуць каля 5,5 мільярдаў). Асноўнай жа крыніцай даходу ў клубе назвалі сродкі, заробленыя рэкламай. Гэта і супрацоўніцтва з “Беларуськаліем”, і рэкламныя дамовы з замежнымі прадпрыемствамі, якія маюць дачыненне да салігорскага прадпрыемства, — немцамі і канадцамі. Некаторыя фірмы актыўна звярталіся ў ФК “Шахцёр” падчас матчаў з нідэрландскім “ПСВ”, жадалі трапіць на рэкламныя шчыты, што расстаўляюць вакол футбольнага поля…

Пры гэтым ФК “Шахцёр”, які некаторыя лічаць клубам-багацеем, не можа атрымаць права продажу квіткоў на ўласныя матчы і сплачвае арэнду за салігорскі стадыён (каля 8,5 мільёнаў за кожную гульню). Уласнымі сродкамі забяспечваецца і абслугоўванне гульняў медыкамі, міліцыяй ды іншым персаналам.

Нагадаем, што яшчэ падчас еўракубкавай кампаніі дырэктар ФК “Шахцёр” Юрый Вяргейчык падняў праблему нецывілізаванага фінансавання беларускіх клубаў. Раз ад іх патрабуюць самастойна зарабляць грошы, развівацца і выходзіць на самаакупнасць, то і іншыя камерцыйныя механізмы павінныя належным чынам працаваць. А ў Беларусі тэлебачанне транслюе матчы каманд, лічы, задарма.

“З майго пункту гледжання, калі адзіная мера — фінансавыя абмежаванні, гэта наўрад ці прывядзе да грунтоўнага выніку, — выказваецца Юрый Васільевіч. — Сёння заўзятарам далі магчымасць глядзець матчы па тэлевізары. Ладзяцца і разнастайныя відэатрансляцыі. Людзей на стадыёнах стала менш. А што ад гэтага атрымалі клубы? Па 300 мільёнаў на сезон? Дык прабачце, у Польшчы, ва Украіне, Расіі лічбы па правах на трансляцыі непараўнальна большыя. Калі б у нас за гэта плацілі адэкватныя грошы, клубы мелі б сродкі на месцах і ўжо маглі б думаць, як развіваць каманду, прыцягваць заўзятараў. А так некаторыя займаюцца вырошчваннем футбалістаў для аднаго-двух клубаў і ставяць задачу “абы не вылецець з вышэйшай лігі”. Таму сітуацыя складаная, і без яе вырашэння развіцця не будзе. Пры гэтым займацца справай павінныя прафесіяналы, а не выпадковыя людзі”.

Цікавай з’явай можна назваць сённяшні флагман беларускага ручнога мяча — “Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова”. Ад самага пачатку каманду стваралі па еўрапейскім прыкладзе, і фінансавую стаўку ўладальнікі пераважна рабілі на саміх сябе. Пры гэтым “БГК” з’яўляецца грамадскім аб’яднаннем і паспяхова выконвае патрабаванні ўказу №191. Да таго ж клуб мае добрых прыватных спонсараў — “Белгазпрамбанк” і “Брэстгазаапарат”, які выпускае пліты “Гефест”.

Еўрарадыё звярнулася ў некалькі хакейных клубаў беларускай экстралігі. Але мала дзе выказваюць жаданне каментаваць “поспехі” ў выкананні Указа №191. А вось у хакейным клубе “Віцебск”, які з сезона ў сезон размяшчаецца ў ніжняй палове турнірнай табліцы, пра выкананне закона не турбуюцца.

“Акурат бедным клубам указ выканаць лягчэй. Сёлета ХК “Віцебск” зарабіў каля 7 мільярдаў рублёў. А ў мяне сёння дзяржпадтрымка паводле ўказа складае ўсяго 1,7 мільярда, — прыводзіць лічбы гендырэктар ХК “Віцебск” Уладзімір Базека. — Таму мяне гэта зусім не палохае. Вось у клубаў, дзе падтрымка — дзясяткі мільярдаў, як іх зарабіць?”

Еўрарадыё: А якім чынам удаецца атрымаць гэтыя 7 мільярдаў камерцыяй?

Уладзімір Базека: Справа ў тым, што Віцебск — дысцыплінаваны рэгіён. Яшчэ 10 гадоў таму мы выканалі ўказанне і аб’ядналіся ў адной структуры — хакейная каманда, палац і дзіцяча-юнацкая спартовая школа. Таму мы маем базу, на якой зарабляем.

Еўрарадыё: Напрыклад, масавае катанне?

Уладзімір Базека: Так, плюс рэклама і іншае. Усё гэта і дае лічбу. Таму нам лягчэй выконваць указ.

Фота gorad.by, tribuna.com, champ.by, sportbrest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі