Хлопца, які зарэзаў цяжарную жанчыну ў Кобрыне, асудзілі на 24 гады калоніі

Хлопца, які зарэзаў цяжарную жанчыну ў Кобрыне, асудзілі на 24 гады калоніі

27 лютага ў Брэсцкім абласным судзе абвясцілі прысуд па гучнай справе аб нападзе на сямейную пару ў Кобрыне, перадае БЕЛТА.

Падсудны — 20-гадовы ўраджэнец Пінска, былы навучэнец аднаго з прафесійна-тэхнічных каледжаў. Вечарам 11 лютага 2018 года ён напаў з нажом на вуліцы на сямейную пару. Ад ранаў 31-гадовая жанчына памёрла ў рэанімацыі, а яе 39-гадовага мужа медыкі здолелі выратаваць. Жанчына была на сёмым месяцы цяжарнасці. 

Да нападу хлопец не быў знаёмы з ахвярамі. Да крымінальнай адказнасці ён раней не прыцягваўся. 

Падчас расследавання выявілася, што ў сацыяльных сетках хлопец актыўна займаўся прапагандай экстрэмісцкіх дзеянняў і нацыяналістычнай ідэалогіі, прапаведаваў нацыянальную і рэлігійную варожасці. Акрамя таго на ягонай старонцы ў сацсетках у агульным доступе захоўваліся парнаграфічныя відэаролікі.

Знайшлася і яшчэ адна пацярпелая ад яго дзеянняў. На пачатку снежня 2017 года ў дызель-цягніку Брэст-Лунінец ад яго пацярпелі дзяўчына (зараз ёй 19 гадоў) і яе брат. 

На судзе малады чалавек адмовіўся ад дачы паказанняў. Аднак у апошнім слове ён часткова прызнаў віну.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала яго вінаватым у распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці; вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў; хуліганстве; забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю; замаху на забойства. Па сукупнасці злачынстваў яму прызначылі 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Акрамя таго мужу забітай жанчыны ён павінен заплаціць 90 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны або апратэставаны ў Вярхоўным судзе на працягу 10 сутак з дня абвяшчэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі