Хлопец, які намаляваў круг на стэле ў Мінску, трапіў пад крымінальную справу
Пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска накіравала ў суд крымінальную справу супраць 20-гадовага Л. Хлопца вінавацяць адразу па двух артыкулах — хуліганства (ч. 1 арт. 339) і наўмыснае пашкоджанне асабліва каштоўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў (ч. 2 арт. 344).
Паведамляецца, што 14 жніўня юнак з дапамогай аэразольнага балончыка намаляваў круг з лініяй над ім на скульптуры маці-Радзімы, якая з'яўляецца часткай архітэктурна-скульптурнага комплексу "Абеліск "Мінск — горад-герой".
"Тым самым ён адкрыта здзекаваўся са звычаяў і традыцыяў беларускага народа, асабліва каштоўных культурных дасягненняў краіны, апаганіў увекавечаную памяць удзельнікаў і загінулых падчас баявых дзеянняў у час Вялікай Айчыннай вайны", — адзначаюць у Генпракуратуры.
Шкода комплексу ацэненая ў 425 рублёў. Хлопец яе цалкам кампенсаваў.
Дарэчы, 16 жніўня каля Стэлы адбыўся першы вялізны мітынг супраць зверстваў сілавікоў. Пасля гэтага яе сталі браць пад узброеную ахову і агароджваць калючым дротам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.