Хлопец, які напаў на "Еўропу", лячыўся ў псіханеўралагічным дыспансеры
Хлопец, які напаў на гандлёвы цэнтр "Еўропа", лячыўся ў 2014 годзе ў псіханеўралагічным дыспансеры. Новыя падрабязнасці пра падазраванага па гучнай справе паведамляе БЕЛТА са спасылкай на праваахоўныя органы. Адзначаецца, што раней ён не меў праблем з законам. Хлопец вырас у забяспечанай сям'і. Аднак бацька жыве ў Мінску асобна, а маці і сястра — за мяжой.
17-гадовы студэнт напаў на ГЦ "Еўропа" ў суботу ў другой палове дня. Ён прыйшоў туды з бензапілой і сякерай, забіў адну жанчыну і параніў яшчэ дзвюх. Яго затрымалі.
Паводле праваахоўнікаў, рашэнне пра здзяйсненне масавага забойства хлопец прыняў даўно. У кастрычніку ён збіраўся зрабіць гэта па месцы вучобы, аднак не змог па прычынах, якія ад яго не залежалі. Сваю віну ён прызнаў. Па словах затрыманага, матывам злачынства стала расчараванне ў самім сабе, агіда да чалавецтва і дэпрэсіўны настрой. Юнак хацеў забіць як мага больш людзей і хацеў, каб і яго пры гэтым забілі. Адзначаецца, што ён не ўваходзіў у палітызаваныя ці экстрэмісцкія групоўкі.