Хлопец з пісталетам спыніў выпуск тэленавінаў у Галандыі (відэа)
Ён хацеў атрымаць 10 хвілін эфірнага часу, каб агучыць патрабаванні, сэнс якіх невядомы.
У Галандыі ў горадзе Хілверсюм узброены малады чалавек быў арыштаваны ў студыі тэлеканала NOS, пасля таго як спыніў выпуск вечаровых навінаў. Супрацоўнікі тэлеканалу былі эвакуяваныя, вяшчанне спынілася прыкладна на гадзіну.
Узброены мужчына ў чорным гарнітуры, белай кашулі і чорным гальштуку хацеў выйсці ў эфір. Ён абышоў пустую студыю, трымаючы ў руках пісталет. Калі яго затрымлівалі паліцыянты, ён не аказаў супраціву.
Як паведамляе ВВС са спасылкай на замежныя СМІ, арыштаванаму 19 гадоў, ён жыве ў невялікім галандскім мястэчку Пійнакер каля Гаагі. Матывы яго ўчынку невядомыя. Тэлеканал распаўсюдзіў відэа, на якім нападнік гаворыць: “Ёсць рэчы, пра якія трэба казаць. Гэта вялікія сусветныя праблемы. Мы былі нанятыя службай бяспекі”.
Да ўварвання хлопца ў студыю тэлеканал атрымаў ліст з пагрозамі падкласці бомбу і ажыццявіць кібертатакі, калі яго аўтару не дадуць эфір.
Рэпарцёр, якому ўдалося пагутарыць з нападнікам, паведаміў, што яго суразмоўца адносіць сябе да “нейкай хакерскай групоўкі”.