The Horrors “Skying”
Больш не страшна!
Малады брытанскі гурт The Horrors сталее і імкнецца да святла. Пасля першых сінглаў і дэбютнага альбома 2007 года “Strange House”, спадчына хорар-панку і яе замагільная эстэтыка пачала пакрысе выветрывацца з творчасці гурта. А другі альбом “Primary Colours” ад былога мерцвячынага карнавалу пакінуў толькі лёгкую згадку і імідж музыкаў. З дапамогай Джефа Бэроў з Portishead The Horrors засярэдзіліся на музыцы і атрымалі альбом у стылістыцы ўзноўленага пост-панку з цікавым шматслойным гукам. У трэцім альбоме гурт упэўнена рухаецца далей у тым жа накірунку.
Апошні дыск The Horrors, названы дзеясловам “Skying”, якога не існуе ў англійскай мове, і які як найлепш адлюстроўвае сутнасць пласцінкі. Падобна на тое, што гурт цалкам пазбавіўся ўсялякай атрыбутыкі і, нягледзячы на маладосць, дасягнуў уласнай музычнай нірваны. На альбоме няма выразных моцных эмоцый, моцных песень, як,прынамсі, і слабых, яркіх мелодый. Суцэльная медытацыя – марское узбярэжжа, кожная песня акуратна наплывае і гэтак жа акуратна знікае без наступстваў і слядоў. Нічога не змяняецца, застаецца настрой.
Цікава, што The Horrors, працуючы над сваім трэцім дыскам, вырашылі цалкам адмовіцца ад уплываў збоку. Таму альбом быў цалкам запісаны і спрадзюсаваны самімі музыкамі ў так званай хатняй студыі. Прымаючы гэта як факт, можна паверыць Джэфу Бэроў, які пасля заканчэння працы над папярэднім альбомам гурта, сцвярджаў, што яго ўплыў на канчатковы вынік быў мінімальным. “Skying” гучыць як лагічны працяг эвалюцыі The Horrors. Робячы асцярожны крок у бок ад першапачатковага гаражнага гучання, каманда грае усё больш складаную музыку і цягнецца да псіхадэлічнасці.
Музыка “Skying” засталася ў ранейшай стылістыцы пост-панку але да яе дадаліся некаторыя новыя фарбы: напрыклад, злёгку згусціўся шугейз, а месцамі пачаў праглядаць нават электрапроп. У рытм-секцыі The Horrors цяпер лідуе вельмі выразны бас, а вось гітары выконваюць далёка не лідуючую ролю, і выключна удзельнічаюць у стварэнні атмасферы. Але і тут на першым плане – клавішы і мноства разнастайных эмбіэнт-шумоў. Варта адзначыць, што сярод агульнага спакою, ёсць і нешматлікія драматычныя моманты, напрыклад, трэк “Dive In” крыху выбіваецца з агульнага настрою альбома і вяртае ў часы першага дыску каманды.
У выніку, падаецца, што пласцінка “Skying” атрымалася вельмі гарманічная і засяроджаная сама на сабе. На вокладцы альбому мора і сонца, усярэдзіне -- мора гукаў і нават дзе-нідзе крычаць чайкі. Музыкі выхітрыліся зрабіць пласцінку, якая не атрымала, напэўна, ніводнага адмоўнага водгуку. Мала таго, музычны аглядальнік ВВС Майк Дайвер назваў The Horrors “будучым нацыянальным скарбам, які вылупіўся з гаражнага року”. Відавочна, што The Horrors дакладна ведаюць, што робяць, і робіцца зразумелым, што яны не належаць да гуртоў, створаных стылістамі і саўнд-прадзюсарамі, таму можна разлічваць на цікавы працяг.
Раім: Endless Blue, Still Life, Moving Further Away, Oceans burning.