Хто і як будзе назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі

1 ліпеня разам з пачаткам выбарчай кампаніі стартавалі і кампаніі па назіранні. Сачыць за ходам прэзідэнцкай гонкі і галасаваннем будуць як мінімум тры структуры.

Апазіцыя

“Наша назіранне не з’яўляецца незалежным. Незалежнае назіранне ў праваабаронцаў. Іх цікавяць выключна тэхнічныя моманты працэсу. У нас задача ў тым ліку абараніць галасы, адданыя за нашага кандыдата. Нельга сказаць, што мы будзем несумленна падыходзіць да працэсу. Але мы будзем падыходзіць да працэсу з зацікаўленасцю”, — расказвае пра кампанію “Права выбару — 2015” лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

ПБНФ на выбарах цалкам падтрымлівае магчымую кандыдатку Таццяну Караткевіч. Разам з бээнэфаўцамі ў кампаніі “Права выбару” прымаюць удзел людзі з “Гавары праўду”, хрысціянскія дэмакраты (БХД), сацыял-дэмакраты БСДП, Рух “За свабоду”, “Зялёныя”, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу і яшчэ прафсаюз РЭП.

Некаторыя з кіраўнікоў гэтых арганізацый з Янукевічам не згодныя. Сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі, напрыклад, абяцае фіксаваць і парушэнні каманды Караткевіч.

Агулам удзельнікі “Права выбару 2015” збіраюцца ахапіць назіраннем ажно 1000 участкаў — па 2 сваіх прадстаўніка на кожным. То бок амаль кожны шосты участак. Акцэнт зробяць на назіранні за датэрміновым галасаваннем і колькасцю ўдзельнікаў галасавання.

Праваабаронцы

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пачалася 1 ліпеня — адзін з яе прадстаўнікоў ужо наведаў пасяджанне ЦВК. Арганізоўваюць назіранне незарэгістраваны цэнтр “Вясна” і Беларускі хельсінскі камітэт. Валянцін Стэфановіч з “Вясны” гаворыць, што працы на выбарах назіральнікам, хутчэй за ўсё, ізноў хопіць:

“Я б падкрэсліў, што заўвагі, зробленыя міжнароднымі назіральнікамі пасля мінулых выбараў, не былі ўлічаныя беларускімі ўладамі. Асабліва гэта датычыць самых прынцыповых момантаў: датэрміновага галасавання, падліку галасоў”.

Праваабаронцы збіраюцца арганізаваць доўгатэрміновае назіранне — 50 чалавек па ўсёй краіне пачнуць сачыць за ходам выбараў ужо ў бліжэйшыя дні. Акрамя гэтага ад пачатку галасавання назіраннем ад “Вясны” і БХК будуць ахопленыя каля 200 участкаў.

“Мы працуем на выбарах ужо даўно і нашы справаздачы знаходзяць адлюстраванне ў справаздачах міжнародных арганізацый”, — гаворыць Валянцін Стэфановіч.

Яшчэ апазіцыя

Віктар Карняенка з кампаніі “За справядлівыя выбары” назірае за электаральнымі кампаніямі ў Беларусі таксама шмат гадоў. “Можна сказаць, што цяпер мяне Аб’яднаная грамадзянская партыя дэлегавала ў назіранне, але у нас тут праца ідзе значна шырэй. Мы праз назіранне імкнёмся прыцягнуць у актыўную апазіцыю раней незаангажаваных людзей”, — расказвае Карняенка.

Яшчэ дадае, што яго кампанія фактычна не спыняецца з 2008 года. Сёлета на доўгатэрміновым назіранні ён плануе задзейнічаць каля 100 чалавек. Бліжэй да дня выбараў яшчэ 2000.

“Ведаеце, каб зрабіць своеасаблівы замер вады, ацаніць дэмакратычнасць выбараў, хапіла б і ста чалавек. Каб прааналізаваць ход выбараў. Але мы хочам уцягнуць у працэс як мага больш людзей, каб яны самі ўсё на свае вочы пабачылі”, — тлумачыць Карняенка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі