Хто такі Мурад Амрыеў і чаму на яго маюць зуб у Чачні
Верасень 2013 года, Мурад Амрыеў звяртаецца ў камітэт па прадухіденні катаванняў з заявай, што ў Чачні яго білі токам і падвешвалі да столі. Сайт камітэта публікуе гэтыя дадзеныя і фатаздымак Мурада з пабоямі. На фота бачныя крывавыя драпіны на лбе і шчацэ.
Вось як апісанае затрыманне: “25 жніўня 2013 года ў цэнтры сталіцы Чачні машыну Мурада блакавала чорная “Прыёра”, з якой выбеглі трое мужчын, запхалі яго ў сваю машыну, надзеўшы на галаву яго ўласную футболку, і павезлі ў будынак аднаго з падраздзяленняў унутраных спраў. Там яго пратрымалі ў кайданках на працягу двух дзён: збівалі, катавалі электрычнасцю, падвешвалі да столі і прыніжалі. Адным з выкрадальнікаў быў высокапастаўлены чачэнскі паліцэйскі Дашаеў, які падазраваў яго старэйшага брата ў замаху на сябе. Але дабрацца да брата было немагчыма ― той з'ехаў жыць у Германію”, ― пісаў тады сайт “Грани”.
Праз двое сутак Мурада прывозяць дадому каля 15 паліцэйскіх пад кіраўніцтвам таго самага чыноўніка Дашаева. Там пагражаюць бацькам, каб прымусілі вярнуцца на радзіму старэйшага брата Мурада.
Мурад Амрыеў з’язджае з Чачні ва Украіну, дзе становіцца чэмпіёнам свету па ММА (змяшаныя баявыя мастацтвы), выступае за Украіну, але грамадзянства не атрымлівае. Вось відэа бою за званне чэмпіена.
МУС Чачні прызначае адмысловую праверку агучаных фактаў катаванняў і… нічога не знаходзіць.
Следчы камітэт Чачні адхіляе 12 заяваў з просьбай распачаць крымінальную справу па факце катаванняў. Усе абгрунтаванні ў адмове напісаныя як пад капірку.
Чачэнскі МУС звяртаецца ў суд, каб інфармацыю аб катаваннях абверглі і выдалілі з інфармацыйных рэсурсаў, а Амрыеў выплаціў сто тысяч расійскіх рублёў.
Праваабаронцы і прысутныя на працэсе назавуць пасля гэты суд нонсэнсам. Суд адхіляе усе хадайніцтвы праваабаронцаў, у тым ліку хадайніцтва, каб суддзя разгледзеў медыцынскую спраўку, якая сведчыць, што Мурада збівалі, і выносіць рашэнне ― выдаліць звесткі пра катаванні з інфармацыйнага рэсурса “Грани”. Іск аб кампенсацыі ў сто тысяч суд не задавольвае.
Праз чатыры гады у чэрвені 2017 года Амрыеў прыязджае ў Расію, каб зрабіць візу. Там яго здымаюць з цягніка і затрымліваюць. Як высвятляецца, пакуль спартоўца не было ў краіне, яго абвесцілі ў вышук, падазраюць у падробцы афіцыйнага дакумента. Падробка ― гэта памылка друку ў пашпарце ў даце нараджэння.
Каля будынка бранскай паліцыі Амрыева ўжо чакаюць чачэнскія сілавікі, але яму удаецца ўцячы.
Пасля Амрыева затрымліваюць у беларускім Добрушы. Праз вакно міліцэйскага ўчастка ён паспявае сказаць журналістам, што просіць палітычнага прытулку ў Беларусі. Але кіраўніцтва міліцыі прымае іншае рашэнне: яго выдаюць расійскім сілавікам.