Праваабаронцы: Мурада Амрыева вызвалілі з-пад варты
Чачэнскга спартоўца Мурада Амрыева вызвалілі з-пад варты. Пра гэта ў фэйсбуку напісаў расійскі праваабаронца Ігар Каляпін:
"Мурада Амрыева вызваляюць з-пад варты. Наша місія выканана. Астатняе будзе залежыць ад яго жадання і яго волі. Гэтая гісторыя скончылася добра".
Адзінае, спартовец пакуль не можа пакінуць Чачню, бо мусіць вырашыць "пытанне з абвінавачваннем па артыкуле 327" (падробка дакументаў).
Плануецца, што 10 чэрвеня Амрыеў дасць прэс-канферэнцыю ў Грозным.
Мурад Амрыеў, якога 8 чэрвеня выдалі з Беларусі ў Расію, быў перададзены чачэнскай паліцыі (“аператыўнікам МУС па Чачэнскай Рэспубліцы”). Бацькі Амрыева раней заяўлялі, што там яму пагражае смяротная небяспека. МУС Чачні падкрэслівае, што Мурад Амрыеў знаходзіцца ў федэральным вышуку.
Чэмпіён свету па баях без правілаў Мурад Амрыеў з’ехаў з Расіі ў 2013 годзе. Ён гаварыў, што ў Грозным яго катавалі паліцыянты, якія хацелі, каб з Германіі вярнуўся старэйшы брат (яго падазравалі ў замаху на начальніка паліцыі). Нядаўна Амрыеў ехаў з Украіны ў Расію, каб аформіць візу, аднак на мяжы яго затрымалі, завезлі ў Бранск. Мурада падазравалі ў выкарыстанні падробленых дакументаў, але ў пашпарце была абдрукоўка. 6 чэрвеня чачэнца фармальна вызвалілі, павезлі на допыт у транспартную пракуратуру. Амрыеў пабачыў, што да будынка прыехалі чачэнскія паліцыянты, пазнаў сярод іх аднаго, які яго катаваў 4 гады таму. Ён здолеў пакінуць будынак і на машыне з сябрамі выехаў у Беларусь. У Добрушы яго затрымалі і змясцілі ў мясцовы РАУС. Нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў, сям’і Мурада, мужчыну перадалі расійскім праваахоўнікам. Генпракуратура Беларусі ў пятніцу падкрэсліла, што гэта была не экстрадыцыя, а “перадача”.