Хто яшчэ не ўклаўся ў моркву? Вывучаем цэны на гародніну і дзівімся
Не панікуйце, нам паабяцалі, што да канца месяца ўсё патаннее
У інтэрнэце множацца жарты: маўляў, сачыць за цэнамі на моркву і буракі цікавей, чым за крыптавалютнай біржай.
А вось на рынках ніхто не смяецца. Летась цэны на свежы ўраджай морквы на Камароўцы стартавалі ад 2,5 рубля. За 80 капеек можна было купіць леташнюю моркву. Сёлета на радах Камароўскага рынку можна знайсці моркву за 5 рублёў!
І такая сітуацыя не толькі на Камароўцы. На невялікіх раённых рынках цэны на беларускую гародніну таксама здзіўляюць. Карэспандэнты Еўрарадыё адправіліся на рынак у адным са спальных раёнаў, каб высветліць, ці варта ўкладваць назбіраныя грошы ў гэты высокамаржынальны прадукт.
"Гэта вы яшчэ мінулыя цэны не бачылі"
Кілаграм морквы на невялікім мінскім рынку каштуе 4 рублі.
— Якія ў вас цэны на моркву цікавыя! — дзівімся мы.
Прадавачка падтрымлівае, ёй здаюцца цікавымі не толькі цэны.
— Ведаеце, што самае цікавае? Што гэта мясцовая, беларуская морква! І прытым цана закупкі — 3,8 рубля!
— А прадаяце за 4? "Прыбытковы" які бізнес!
— А калі я яе па 5 пастаўлю, ніхто купляць не будзе. Я гэту моркву проста выкіну.
На суседнім прылаўку прадаюць буракі па тры рублі за кілаграм. І запэўніваюць: цана выгадная. Раней той самы кілаграм тых самых буракоў спрабавалі прадаць за 6 рублёў.
Адказваючы на пытанне пра тое, што здарылася з цэнамі на беларускую гародніну, прадаўцы пераходзяць на мову жэстаў: паціскаюць плячыма і разводзяць рукамі.
"Да канца месяца ўсё нармалізуецца"
Фермеры рукамі не разводзяць. Індывідуальны прадпрымальнік Сяргей растлумачыў: дэфіцыт морквы быў яшчэ летась. Здарыўся неўраджай, вось складскія запасы сёлета і сталіся невялікія.
— Сёлета пасля папярэдняга неўраджаю плошчы пасеву новай морквы ў параўнанні з мінулымі гадамі вельмі маленькія. Вось і чарговы дэфіцыт.
Яго калега, фермер Васіль, расказвае і пра няпростыя ўмовы надвор'я для морквы.
— Вясна сёлета была зацяжная. Звычайна ў нашым раёне моркву пачынаюць прадаваць з 10 ліпеня. Сёлета пачнём з 20-га.
За вясной прыйшло спякотнае лета. Гэта таксама дадатковыя выдаткі для фермера.
— Больш частае арашэнне, часцей карыстаемся падкормамі, каб падтрымаць расліну, каб яна дацягнула да дажджу. Адным словам, расходы вышэйшыя.
Мы выказалі здагадку, што кліматычныя ўмовы Беларусі ўжо больш падыходзяць для таго, каб вырошчваць тут аліўкавыя дрэвы, чым моркву. Але нас пераканалі ў адваротным: усё з кліматам у Беларусі нармальна, морква яшчэ вырасце.
Бітва за ўраджай падыдзе да фіналу да канца месяца. Фермеры абяцаюць, што прапанавання будзе больш і цэны пойдуць на спад.
"Баршчовы набор занадта доўга быў танным"
Пакуль што Беларусь імпартуе з блізкага замежжа жарты пра неўраджай морквы і буракоў. Суседзяў гэта праблема таксама закранула.
Але хутка зможа экспартаваць туды тую самую гародніну, лічаць фермеры. Праўда, у ацэнках аб'ёму паставак нашы суразмоўцы не сыходзяцца. Фермер Сяргей кажа, што беларускія фермеры калі і змогуць падтрымаць суседзяў, то не вельмі буйнымі партыямі. А вось ўнутраны рынак забяспечыць змогуць.
Васіль жа запэўнівае, што значна больш морквы пойдзе на экспарт, чым застанецца ў Беларусі.
А пакуль беларусы чакаюць, ці хутка патаннее гародніна, у Расіі развіваюць гароднінныя стартапы. У Пецярбургу, напрыклад, запусцілі першы грамадскі агарод, на якім можна будзе вырасціць уласную падаражэлую гародніну.
Што адбываецца на палях суседзяў і ці варта беларусам заглядацца на іх рынак, карэспандэнту Еўрарадыё расказалі ў расійскім Саюзе ўдзельнікаў рынку бульбы і гародніны.
Цэны на бульбу падняліся ў суседзяў з канца восені. На буракі і моркву дасягнулі пікавых паказчыкаў у траўні.
У Расіі галоўная прычына дэфіцыту падобная з беларускай. Сёлета пад гародніну з "баршчова набору", гэта значыць бульбу, моркву і буракі, адвялі менш плошчаў, чым у папярэднія сезоны.
А скарачэнне плошчаў было звязана з нізкай рэнтабельнасцю, гавораць у Саюзе.
— На працягу практычна пяці сезонаў цэны былі досыць нецікавыя для сельгасвытворцы, які пераарыентаваўся на іншыя віды культур. Да таго ж бульба і гародніна дастаткова затратныя прадукты раслінаводства. Бо выдаткі на вырошчванне бульбы на плошчы ў адзін гектар — каля 200 тысяч рублёў [больш за 6 тысяч беларускіх рублёў. — Еўрарадыё], — кажа выканаўчы дырэктар бульбянога саюза Аляксей Красільнікаў.
Расіяне жартуюць: маўляў, цэны на моркву ўжо дагналі еўра. Ці доўга яшчэ будуць расці? На гэтым тыдні ў Саюзе ўжо адзначылі зніжэнне цэн на моркву ў аптовым сегменце, але падаюць яны пакуль не так хутка, як хацелася б спажыўцу.
Ці варта беларускім фермерам разлічваць на тое, каб зарабіць сёлета не толькі на ўнутраным, але і на расійскім рынку?
— У нас практычна роўныя сустрэчныя патокі. Тая ж бульба прыходзіць да нас з Беларусі, прычым і ў сырым выглядзе, і ў перапрацаваным на крухмал. Мы таксама пастаўляем вам некаторыя сарты бульбы.
Высновы рабіць рана. Як і намякаць на тое, што мы гатовыя запрашаць вашых фермераў або прывозіць нашу прадукцыю ў Беларусь. Папярэдне мы бачым: ураджайнасць вышэйшая за ўзровень папярэдняга года, асабліва ў паўднёвых рэгіёнах. Значыць, магчыма, вырастуць выдаткі на паліў — гэта значыць вырасце спажыванне і электрычнасці, і паліва. Гэта адаб'ецца на сабекошце. Якой будзе выніковая цана?
Доўгатэрміновых прагнозаў я б рабіць не стаў, да гэтай тэмы можна будзе вярнуцца ў кастрычніку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.