Хулігану, які параніў вакаліста "Песняроў", пагражае да 5 гадоў турмы
11 ліпеня ў аўтобусе, які ехаў з Масквы ў Мінск, быў паранены вакаліст беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Арцём Міхайлаў. Музыка вяртаўся з канцэрта ў сталіцы Расіі і нарваўся на неспакойнага пасажыра.
Па словах Міхайлава, агрэсіўны спадарожнік ад самага пачатку быў настроены на канфлікт і правакаваў пасажыраў, якія сядзелі побач. Ён абураўся то адсутнасцю вольнага месца, то гучнымі размовамі. Пасажыры аўтобуса рабілі яму заўвагі, але, пасядзеўшы ціха, ізноў пачынаў буяніць.
"Мы ад'ехалі недзе 130 кіламетраў ад Масквы. У аўтобусе было цёмна, траса не асвятлялася. Я глядзеў фільм, і раптам справа, цішком, мне прыйшоўся ўдар па падбародку нажом. Як высветлілася, ён хацеў ударыць у шыю. Супрацоўнікі паліцыі потым сказалі, што мне пашанцавала, бо калі б я быў іншага росту... Не магу зразумець, з якой прычыны ён абраў менавіта мяне", — цытуе Міхайлава "РИА "Новости".
Па яго словах, нападнік стаяў у праходзе паміж шэрагамі, махаў нажом і гучна лаяўся. "У аўтобусе былі жанчыны, дзеці. Я разумеў, што трэба абараняцца, бо могуць пацярпець і іншыя. Пачалася бойка, я "нырнуў" пад яго руку, прыціснуў корпусам і заціснуў запясце рукі з нажом", — працягвае Міхайлаў.
Артыст адзначыў, што мужчына быў крэпкі, расціснуць яго руку з нажом не змаглі нават двое хлопцаў, якія прыбеглі на дапамогу. Абяззброіць злачынцу здолелі толькі супрацоўнікі паліцыі, якія зайшлі ў аўтобус, калі той спыніўся недалёка ад паста ДПС.
Праваахоўнікі склалі пратакол аб правапарушэнні і прынялі заяву. Нападнік (як высветлілася пазней, калісьці ён ваяваў у Афганістане) цяпер знаходзіцца дома пад падпіскай аб нявыездзе. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі за хуліганства пры абцяжваючых абставінах.
Арцёму Міхайлаву 26 гадоў. Ён нарадзіўся ў Маладзечне, тры гады таму прадстаўлаў Беларусь на "Славянскім базары ў Віцебску". У "Песнярах" з 2014 года.