Удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" арыштавалі на вялікія тэрміны

Дзяніса Карнова асудзілі на 20 сутак. Хлопца абвінавацілі, што ён лаяўся матам і ўпіраўся ў міліцэйскі аўтамабіль. Прысуд вынесла суддзя Фёдарава, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". На такі ж тэрмін асудзілі Аляксандра Курбацкага, Валерыя Таміліна, Аляксандра Стукіна, Леаніда Смаўжа.



Грамадзянін Расіі Уладзімір Новікаў асуджаны на 15 сутак арышту за непадпарадкаванне міліцыі і хуліганства.

Прадпрымальніка з Дзяржынскага раёна Мікалая Коласа асудзілі на 15 сутак. У судзе ён заявіў, што пратаколы ў міліцыі складалі з катаваннем. У прыватнасці, кажа Колас. іх тры гадзіны трымалі тварам да сценкі на "расцяжцы".

Аляксандра Францкевіча арыштавалі на 25 сутак. 15 сутак яму далі за непадпарадкаванне міліцыі і 10 — за нецэнзурную лаянку. Францкевіч кажа, што 25 красавіка выйшаў з працы ды ішоў дамоў. У гэты момант яго затрымалі чацвёра ў цывільным. Актывіст анархісцкага руху звязвае свой арышт з візітам у Мінск прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама будучым чэмпіянатам свету па хакеі.


Як інфармуе Радыё "Свабода", затрыманага Юрыя Рубцова ў суд прывезлі аголенага па пояс. З яго знялі майку з надпісам "Арыштуйце мяне — я супраць Лукашэнкі", і ён выйшаў з міліцэйскай машыны ў адных нагавіцах. Па словах іншых затрыманых, без майкі яго трымалі ўсю ноч у халоднай камеры. Яго асудзілі на 25 сутак, у зале суда Рубцоў абвясціў галадоўку. Таксама яму пагражае крымінальны пераслед за знявагу суддзі.



Фота — svaboda.org
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі