Іх норавы: Маск vs дэмакраты, бунт скандынаваў, псіхолаг для ракаў і кот Сцяпан
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі хочаце ведаць, што адбывалася ў свеце на гэтым тыдні, чытайце рэгулярныя агляды Еўрарадыё. А калі вам не стае добрых навін — дачытвайце іх да канца.
Давялі нават скандынаваў
Уладзімір Пуцін вельмі не хацеў, каб Украіна ўступіла ў НАТА. І цяпер у НАТА хоча не толькі Украіна, але і Швецыя з Фінляндыяй. Скандынавія больш не з краю. Краіны парушылі дзесяцігоддзі нейтралітэту і падалі заяўкі на ўступленне ў альянс, расказвае Wall Street Journal.
"Гэта вяртанне на Захадзе ад 30-гадовага пахмелля пасля халоднай вайны — гэтага стратэгічнага сну — да ўсведамлення таго, што свет — гэта жахлівае месца, дзе людзі будуць спрабаваць вас забіць, і чым больш вы зможаце абараняцца, тым лепш", — змрочна рэзюмуе Уільям Альберк, дырэктар па стратэгіі, тэхналогіях і кантролі над узбраеннямі ў Міжнародным інстытуце стратэгічных даследаванняў.
Чаму гэта важна? Калі Швецыя і Фінляндыя далучацца да альянсу, то НАТА будзе кантраляваць Балтыйскае мора — самы кароткі шлях расійскіх караблёў да Атлантычнага акіяна.
Але дарогу ў НАТА скандынаўскім краінам можа перагарадзіць Турцыя. Прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган шле празрыстыя намёкі, маўляў, не можа падтрымаць уступленне ў НАТА краін, у якіх хаваюцца тэрарысты. Гаворка пра "Рабочую партыю Курдыстана", якую ў Турцыі лічаць тэрарыстычнай. Турэцкія афіцыйныя асобы запатрабавалі, каб скандынаўскія краіны расправіліся з сеткамі, якія, па іх сцверджаннях, звязаныя з РПК.
Карацей, гэтай вясной усе дамагаюцца свайго, акрамя Уладзіміра Пуціна. У пачатку года ён патрабаваў ад ЗША і НАТА гарантый бяспекі. А кажучы пра пашырэнне НАТА на ўсход, скардзіўся:
— Сказалі адно, зрабілі іншае. Як у нас кажуць у народзе, кінулі, ну проста падманулі.
А скончылася ўсё тым, што Крэмль здолеў раззлаваць нават скандынаваў. Як у іх, у скандынаваў, кажуць у народзе, "kalla händer varmt hjärta". Гэта значыць "халодныя рукі — гарачае сэрца".
Маск супраць дэмакратаў
Ілан Маск ужо каторы тыдзень трымае твітар у напружанні і абяцае вярнуць туды Дональда Трампа, хоць упіраецца нават сам Трамп. Але на гэтым тыдні ён пайшоў далей і не проста паабяцаў вярнуць голас самому адыёзнаму рэспубліканцу — ён яшчэ і раскрытыкаваў дэмакратаў. І назваў іх партыяй "падзелу і варожасці", піша "Форбс".
Маск у твітары наогул дазваляе сабе даволі шмат чаго. Нядаўна ён нават перайшоў на модныя слоўцы, якія звычайна ёсць у арсенале правых. Ілан лічыць, што твітар занадта левы і яго выкарыстоўваюць, каб прымусіць замаўчаць правых кансерватараў.
А вось якім будзе твітар пры Маску — калі афармленне здзелкі, якое зацягнулася, усё ж адбудзецца:
"Каб твітар заслужыў грамадскі давер, ён павінен быць палітычна нейтральным, што фактычна азначае ў роўнай ступені засмучаць крайне правых і крайне левых".
Перакладаем на мову беларускай палітыкі. Свабода слова — гэта калі ты аднолькава засмучаеш прыхільнікаў Пазняка, Ціханоўскай і Лукашэнкі. Напрыклад, можаш у адным сказе сказаць, што "Ціханоўская — неверагодная, санкцыі не працуюць, "Жыве Беларусь". Запомніце формулу для Беларусі будучыні.
"У свеце дастатку ніхто не павінен мірыцца з голадам"
Часопіс The Economist выйшаў з трывожнай вокладкай. Аўтары прадракаюць чалавецтву цяжкія і літаральна галодныя часы. Але.
"У свеце дастатку ніхто не павінен мірыцца "ні з адным дзіцем, жанчынай ці мужчынам, якія паміраюць ад голаду", — сказаў генеральны сакратар ААН Антоніа Гутэрыш, звяртаючыся да Савета Бяспекі ААН.
Гутэрыш кажа, што каля 60% усіх людзей, якія галадаюць, жывуць у краінах, закранутых ваеннымі канфліктамі. І ні адна краіна ад гэтага не застрахаваная.
"Хай не будзе сумневаў: калі Савет Бяспекі абмяркоўвае канфлікт, вы абмяркоўваеце голад. Калі вы прымаеце рашэнні аб міратворчых і палітычных місіях, вы прымаеце рашэнні аб голадзе. І калі вам не ўдаецца дасягнуць кансэнсусу, галодныя людзі плацяць высокую цану", — сказаў Гутэрыш.
З харчовай бяспекай у свеце і так усё было не вельмі добра. А расійскае ўварванне ва Украіну прывяло да рэзкага скарачэння экспарту прадуктаў харчавання і выклікала рост цэн на асноўныя прадукты харчавання да 30 адсоткаў. Так, вы і самі заўважылі гэта. Але ў краінах Афрыкі і Блізкага Усходу рост цэн на прадукты харчавання адчулі яшчэ мацней.
ААН прапануе спіс дзеянняў, якія трэба выканаць, каб перамагчы голад. І першае — пакласці канец вайне ва Украіне.
Псіхолаг для ракаў
Навіны рынку працы. Адзін з расійскіх рэстаранаў шукае "псіхолага для жывых ракаў", піша "Эсквайр". У саіскальніка павінна быць ветэрынарная і псіхалагічная адукацыя. Ён павінен мець "добрае ўзаемаразуменне з жывымі ракамі". Сур'ёзна, яны шукаюць чалавека, які павінен гутарыць з ракамі, спяваць ім песні, гладзіць іх і дапамагаць ім прымаць водныя працэдуры.
"Уявіце, ракаў у скрынях вязуць, потым яны зачыненыя ў халодным халадзільніку. Мяса становіцца, напэўна, больш жорсткае, напружанае. А мы да працы адказна падыходзім, таму тут няма ніякіх жартаў", — расказалі прадстаўнікі рэстарана выданню "Подъем".
Карацей, спецыяліст павінен будзе знаходзіць "падыходы і словы для зняцця стрэсу ракаў перад прыгатаваннем".
Мы зразумеем, калі пасля пачутага вы нейкі час не зможаце хадзіць да псіхолага. І мы, напэўна, таксама.
Кот Сцяпан
І да добрых навін з Украіны. Харкаўскі кот Сцяпан атрымаў міжнародную прэмію блогераў, піша "Эсквайр". Калі вы ў апошнія месяцы чыталі не толькі навіны, вы ведаеце, пра каго гаворка. Хоць не, нават калі чыталі толькі навіны, вы ўсё роўна яго ведаеце.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне кот разам з гаспадыняй перабраўся ў Францыю. За гэты час Сцяпан сабраў 10 тысяч долараў на дапамогу жывёлам з Украіны.
Сёння пятніца, а значыць, вы ўжо праслухалі падкаст Еўрарадыё і ў курсе галоўных сусветных навін. Так што цяпер хоць бы на пяць хвілін адключыцеся ад навінавых стужак і дазвольце сабе трошкі паглядзець на мемы з харкаўскім катом Сцяпанам. Любы іншы кот таксама падыдзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.