Іх норавы: аўтазак з кандыцыянерам, віла за еўра і кранальнае вяртанне торта

Агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Марыупаль і эвакуацыя з "Азоўсталі" не сыходзілі на гэтым тыдні з першых палос і стартавых старонак сусветных медыя. Мы не без цяжкасці адарваліся на чытанне іншых навін і зараз адарвём ад навін пра вайну і вас.

Але, як заўсёды, не больш, чым на пяць хвілін. Пра тое, што адбылося ў свеце, вельмі коратка чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.

Стаміліся ад чытання навін? Слухаць нас можна на Soundcloud. Ці ўключайце ў тэлефонах па дарозе з працы — мы ёсць на Apple Podcasts.

Аўтазак з кандыцыянерам

У Расіі пачулі пратэстоўцаў. Што? Так! Людзі скардзіліся на ўмовы перавозкі ў аўтазаках — і ім паабяцалі кандыцыянеры.

"Яшчэ адна тэма, якая хвалюе людзей, — гэта перавозка ў аўтазаках <...>. Будзе выпускацца новы аўтазак з кандыцыянерам, з прыбіральняй, з усімі камфортнымі ўмовамі дастаўкі людзей",цытуе РІА "Новости" са спасылкай на ўпаўнаважаную па правах чалавека ў Маскве Таццяну Пацяеву.

Дзеля справядлівасці, усталяваць хімічныя прыбіральні ў аўтазаках Расія абяцала Савету Еўропы яшчэ ў 2021 годзе. Праз год з Савета Еўропы краіну выключылі — не трэба нагадваць чаму. Так што Савету Еўропы Расія больш нічога не вінная. Але гэтыя фармальнасці не могуць стаць на дарозе жадання Крамля зрабіць жыццё сваіх грамадзян лепшым.

І цяпер у Расіі аўтазак — гэта ўжо не "проста машына", як казала Марыя Калеснікава. Гэта машына з кандыцыянерам. І здаецца, аўтазак застаецца адным з нямногіх месцаў у гэтай краіне, дзе вольна дыхае чалавек.

Калі гэтыя люксавыя аўтазакі з'явяцца на балансе маскоўскай паліцыі, пакуль не ўдакладняюць. Ці была пачутая яшчэ якая-небудзь са скаргаў расійскіх пратэстоўцаў — таксама.

 

Першамай

Дарэчы, як вы правялі Першамай? Хутчэй за ўсё, крыху інакш, чым французы. Тысячы дэманстрантаў далучыліся да першамайскіх пратэстаў па ўсёй Францыі ў нядзелю. Ім насустрач вывелі 5 тысяч афіцэраў паліцыі.

Пратэстоўцы неслі транспаранты, у якіх нічога не гаварылася пра мір, толькі пра працу і пра Макрона. Сярод іншага людзі патрабавалі ў новаабранага прэзідэнта панізіць пенсійны ўзрост: ён плануе павялічыць яго з 62 гадоў да 65. А хтосьці абмяжоўвае пералік сваіх патрабаванняў лаканічным "Макрон, сыходзь!".

Былі і больш радыкальна настроеныя працоўныя: маладыя людзі ў чорных балаклавах з металічнымі прутамі разбілі акно McDonald's, расказвае Daily Mail. Адным словам, калі Макрон, ідучы на перавыбары, і хацеў вярнуць свой 2018-ы, то ён яўна меў на ўвазе не гэта.

Першамай у Парыжы

Калі выбары на носе

"Дзе цела Хашогі? Хто аддаў загад забіць гэтую добрую душу?" Гэта цытата з калонкі турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Washington Post. Мабыць, Эрдаган забыўся, што тады, у 2018 годзе, ён абвінавачваў найвышэйшыя эшалоны ўлады Саудаўскай Аравіі ў датычнасці да дзікага забойства журналіста ў консульстве пасярод Стамбула.

На гэтым тыдні прэзідэнт Турцыі сустрэўся з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі Махамедам ібн Салманам і каралём Салманам ібн Абдулазізам Аль-Саудам. Перад адлётам Эрдаган сказаў журналістам у аэрапорце, што гэтая паездка адчыніць дзверы ў новую эру адносін з Саудаўскай Аравіяй.

Але Washington Post нічога не забыўся. Журналістам менавіта гэтага амерыканскага выдання быў Хашогі. І вось як журналісты пачынаюць артыкул пра гэты візіт:

"Эрдаган, які называў Хашогі сябрам, аднойчы ўзначаліў глабальную кампанію па прыцягненні Саудаўскай Аравіі да адказнасці за забойства ў 2018 годзе, абвінаваціўшы "найвышэйшыя эшалоны" ўрада Саудаўскай Аравіі. Але апошнім часам Турэцкі лідар імкнуўся наладзіць адносіны з саудаўцамі, паколькі ён шукае спосабы аблегчыць разбуральны эканамічны крызіс, які пагоршыўся неафіцыйным байкотам Саудаўскай Аравіі турэцкіх тавараў".

Гэта першы візіт Эрдагана ў Саудаўскую Аравію пасля забойства Хашогі. Незадоўга да гэтага турэцкі суд дазволіў перанесці завочны разгляд справы над падазраванымі ў гэтым жорсткім забойстве ў Саудаўскую Аравію. Тым самым фактычна паклаўшы канец справе, піша CNN. Мы расказвалі пра гэта ў папярэдніх аглядах.

Амерыканскія журналісты лёгка звязваюць тры гэтыя факты. Спярша турэцкі суд паверыў у магчымасць правасуддзя ў Саудаўскай Аравіі. Потым Эрдаган раптам вырашыў сустрэцца з каралём і прынцам. І вось адсутны кавалачак пазла: у Турцыі эканамічныя цяжкасці, а ў Эрдагана налета — выбары.

У Amnesty International задаюцца пытаннем:

"Што здарылася з заяўленым Турцыяй абавязацельствам аб тым, што правасуддзе павінна перамагчы ў дачыненні да гэтага жудаснага забойства і што гэта справа ніколі не стане пешкай у палітычных разліках і інтарэсах?"

 

Знайшоўся торт, які знік 77 гадоў таму

Амерыканскія салдаты ўкралі торт у дзіцяці! Не палохайцеся, гэта не выпуск савецкай прапаганды, а адна з самых кранальных навін апошніх дзён.

Па парадку. Даўным-даўно, 28 красавіка 1945 года, амерыканскія салдаты прынялі бой у невялікім італьянскім мястэчку Вічэнца. У тым мястэчку жыла дзяўчынка-падлетак Мэры.

Калі немцы адкрылі агонь зусім побач з фермай яе бацькоў, Мэры з мамай схаваліся на гарышчы. А наступнай раніцай дзяўчынцы споўнілася 13 гадоў. Яна прачнулася ўжо ў мірнай Вічэнцы. І вось расчараванне — не знайшла святочнага торта, які мама пакінула на падаконніку. Яго забралі амерыканскія салдаты.

Тады ў баі з немцамі загінулі 19 амерыканскіх вайскоўцаў, пераказвае CNN. З тых часоў жыхары Вічэнцы падтрымліваюць сувязь з вайскоўцамі ЗША і сустракаюць іх літаральна з хлебам і віном.

А сёлета амерыканцы і самі прыехалі з хлебам. Дакладней, з тортам. Праз 77 гадоў яны вярнулі торт той самай дзяўчынцы Мэры, якой сёлета споўнілася 90 гадоў.

Амерыканскі салдат Уоліс аддаў пакрыты глазурай і ўпрыгожаны свежай садавіной торт Мэры, жыхары горада праспявалі для яе святочную песню спярша на італьянскай, а потым і на англійскай мове. Сама Мэры М'ён, вядома, плакала.

Добрых навін пра вайну быць не можа. Хіба толькі пра вайну, якая даўно скончылася.

І вось як гэта было

"Горваты" для Італіі

Прапануйце чалавеку купіць італьянскі асабняк за 1 еўра. Замрыце. Чакайце, што будзе далей.

На італьянскай Сіцыліі вось ужо тры гады, як распрадаюць дамы. 1 еўра — і вы ўладальнік нерухомасці ў Італіі. Першая хваля распродажу пачалася ў 2019 годзе, тады 16 дамоў прадалі па 1 еўра за штуку. Другая хваля распродажаў прыпала на 2021 год — 10 дамоў прадалі за 2 еўра кожны, піша CNN.

Вынік: у адным з сіцылійскіх мястэчак англійская гаворка гучыць часцей за італьянскую. А цяпер адказваем на пытанне, якое мучыць вас ужо з хвіліну: у чым падвох? Усё гэта — спроба мясцовых уладаў адрадзіць сіцылійскую вёску.

Самі пасёлкі, у якіх ладзяць распродажы, выміраюць, расказвае РБК. А дамам патрэбны рамонт — і пакупнікі павінны паабяцаць, што зоймуцца добраўпарадкаваннем свайго новага жылля. Ідэй у іх досыць: хтосьці хоча ператварыць дом у рэзідэнцыю для мастакоў, хтосьці — адкрыць рэстаран, хтосьці проста займець загарадны дом у Італіі.

Да чаго гэтая гісторыя? На дварэ вясна, час, калі прырода ажывае, а студэнтаў размяркоўваюць. Дык вось, аматарам наватарскіх ідэй у адукацыі і адэптам сістэмы абавязковага размеркавання на заметку. Дайце людзям свабоду выбару. Зрабіце павабную прапанову. Замрыце. Глядзіце, што будзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі