Іх норавы: адкуль у Парыжы тоны смецця і чым абернецца прагулка басанож?
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Што будзе, калі выправіцца басанож на прагулку па самым памяркоўным горадзе ў свеце? Як скончыць "халодную вайну" паміж зацятымі супернікамі? І адкуль на вуліцах Парыжа — тоны смецця?
Гэта рэгулярны міжнародны агляд сусветных навін ад Еўрарадыё.
Адкуль на вуліцах Парыжа тоны смецця?
Палітыка — брудная справа, фатаграфіі з Парыжа ў апошнія дні гэта пацвярджаюць. Калі Эмануэль Макрон паспрабаваў падвысіць пенсійны ўзрост на два гады, народ абвясціў яму страйк, піша France 24. Сярод іншых страйкавалі і зборшчыкі смецця — і вынікі іх страйку бачныя ўжо ледзь не на кожным рагу вуліц Парыжа і іншых французскіх гарадоў.
У мэрыі Парыжа — левыя. І палітыкі з партыі Макрона на тыдні перакідваліся з імі твітамі, поўнымі ўзаемных абвінавачванняў. Дэпутат Сільвен Гаяр заклікаў адміністрацыю мэра Ганны Ідальга "рэквізаваць" смеццявозы і смеццяспальвальныя заводы, якія заблакавалі страйкоўцы. А міністры турызму і еўрапейскіх спраў раскрытыкавалі гарадскую адміністрацыю за "непавагу да парыжанаў".
Парыжскія чыноўнікі хутка адкрылі агонь твітамі ў адказ і патлумачылі ўраду, што ён сам вінаваты. Намеснік мэра Ян Брасат нагадаў, што зборшчыкі смецця працавалі ўвесь час, нягледзячы на пандэмію.
“Як урад аддзячыў ім? Яшчэ двума гадамі працы!" — напісаў гарадскі чыноўнік.
Пасля тыдня забастоўкі зборшчыкаў смецця ў Парыжы на вуліцах ляжала 5,6 тыс. тон смецця. У тым ліку і перад Сенатам. Пакуль што ад смуроду горад ратуе толькі халаднаваты сакавік. Да таго, як пацяплее палітыкам было б лепей знайсці агульную мову з рабочымі, але яны зрабілі наадварот.
Закон прынялі, і пасля гэтага смецце на вуліцах Парыжа перастала быць галоўнай праблемай Макрона. Будзем сачыць за тым, як рабочыя адстойваюць свае правы ў краіне з вялікім прафсаюзным досведам.
VIDEO: Police using pepper spray against striking refuse disposal workers. pic.twitter.com/RST2TIh4wh #Paris #France #Macron #VonDerLeyen #greve17mars #EU #BlocageDeLaFrance #ViolencesPolicières
— Manchester Chronicle 🐝 (@WithyGrove) March 17, 2023
Пакт, які не падабаецца Кітаю
А цяпер падрабязнасці важнай ваенна-марской здзелкі AUKUS — гэта пакт, які заключылі ЗША, Аўстралія і Вялікабрытанія. Здзелка, якая вельмі не падабаецца Пекіну.
Краіны дамовіліся, што Аўстралія атрымае тры атамныя падводныя лодкі ад ЗША, піша ВВС. А яшчэ саюзнікі пачнуць працаваць над стварэннем новага флоту — і выкарыстоўваюць рэактары "Ролс-Ройс" брытанскай вытворчасці.
Падлодкі, якія атрымае Аўстралія, будуць "з ядзерным рухавіком, а не з ядзернай зброяй". Так што, лічыць прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, гэта не паўплывае на імкненне Аўстраліі быць бяз'ядзернай дзяржавай.
Некалі гэтай здзелкай краіны моцна пакрыўдзілі Францыю, якая планавала пастаўляць Аўстраліі атамныя падводныя лодкі. Але яшчэ больш, чым Францыі, гэтая падводная гісторыя не падабаецца Кітаю. Там лічаць, што гэты пакт можа справакаваць гонку ўзбраенняў.
Але краіны, якія заключылі яго, запэўніваюць, што ўсё гэта — дзеля міру і спакою ў Ціхаакіянскім рэгіёне.
Аналітыкі ВВС звяртаюць увагу на далікатную сітуацыю, у якой апынулася Аўстралія. З аднаго боку — краіна ўмацоўвае ваенныя сувязі з ЗША. З іншага — Кітай застаецца яе найбуйнейшым гандлёвым партнёрам. Рэкамендуем ўсім аматарам шматвектарнасці сачыць за развіццём падзей.
Канец халоднай вайне?
Саудаўская Аравія і Іран заключылі нечаканае пагадненне аб нармалізацыі адносін. І дамовіліся, што ў бліжэйшыя два месяцы будуць назіраць, што з гэтага выйдзе. Гэта значыць, што можа быць пакладзены канец "халоднай вайне", якая закранула амаль усе краіны рэгіёну, піша CNN.
Што папярэднічала прымірэнню? Іран апынаецца ва ўсё большай ізаляцыі на міжнароднай арэне — сяброўства з Беларуссю не лічыцца. А Саудаўская Аравія мяняе курс сваёй знешняй палітыкі і выбірае дыпламатыю замест канфрантацыі.
Сірыя і Емен выйграюць ад гэтага пагаднення, таму што Саудаўская Аравія і Іран шмат гадоў падтрымлівалі розныя бакі ва ўнутраных канфліктах гэтых краін. А вось Ізраіль прайграў і страціў надзею на стварэнне антыіранскай кааліцыі ў рэгіёне, піша RFI. У прэм'ер-міністра Беньяміна Нетаньяху не толькі ў знешняй палітыцы, але і дома не ўсё спакойна: ізраільцы пратэстуюць супраць яго судовай рэформы. А апаненты крытыкуюць Нетаньяху: маўляў, вось што бывае, калі ты займаешся "юрыдычным вар'яцтвам" і не пільнуешся галоўнага.
Чым яшчэ важная гэтая здзелка? Яе заключылі пад эгідай Кітая, які паказаў, што можа быць медыятарам у старых сур'ёзных канфліктах. Той жа Кітай акуратна прэтэндуе на ролю медыятара ў вайне Расіі і Украіны. Сі Цзіньпін ужо запланаваў сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім.
Будзем сачыць, ці атрымаецца з гэтага яшчэ адна дзіўная медыяцыя.
Бабуля-сланіха
А Фонд дзікай прыроды паказаў, чаму не варта катацца вярхом на сланах, калі вы выправіцеся на адпачынак у экзатычную краіну. Фонд апублікаваў фатаграфію сланіхі Пай Лін, якая больш за 25 гадоў правяла ў турыстычнай індустрыі Тайланда. На фота відаць, як пазваночнік сланіхі прагнуўся і запаў ад такой штодзённай працы.
“Гэткая дэфармацыя характэрная для сланоў, якіх выкарыстоўваюць для турыстычных паездак. Мы апублікавалі фатаграфіі нашай цудоўнай Пай Лін і яе сяброў, каб прыцягнуць увагу да таго, як гэтыя далікатныя гіганты могуць пакутаваць, трапляючы ў індустрыю верхавой язды", — напісалі супрацоўнікі Фонду.
Выратаваную Пай Лін у яе новым доме называюць ласкава "бабуляй". У Фондзе дзікай прыроды спадзяюцца, што ўбачыўшы гэтыя здымкі бабулі-сланіхі і яе сяброў, турысты адмовяцца ад магчымасці паглядзець на слана "зверху ўніз".
Басанож па Нью-Ёрку
Амерыканец Джозэф ДэРува-малодшы каля дваццаці гадоў ходзіць басанож. Наогул жа, ён не збіраўся кідаць выклік грамадству і адмовіўся ад абутку проста ад праблемаў з суставамі. Але неспадзявана для сябе стаў лакмусавай паперкай, якой можна правяраць памяркоўнасць людзей. Яго гісторыю распавяла New York Times.
Джозэфа просяць сысці то з крамы, то з рэстарана. Часцей за ўсё ён згаджаецца, але часам усё ж уступае ў спрэчку з мэнэджарамі. "Масток" паміж абутым светам і Джозэфам — яго жонка Ліні Экер.
Джозэф — фатограф і выкладчык фатаграфіі, а яшчэ ён выкладае пілатэс. Але аказалася, што па-за межамі студыі пілатэса, пляжа або педыкюрнага кабінета людзі зусім не гатовыя прымаць босага чалавека.
Але калі ў жонкі Джозэфа спыталі, як босыя ногі мужа паўплывалі на яе жыццё, яна паціснула плячыма:
— Вы бераце ўвесь пакет, калі выходзіце замуж за кагосьці.
Калі хочаце практыкаваць памяркоўнасць, пачніце хаця б з прыняцця басаногага побач з сабой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.