Іх норавы: незаконнае захоўванне алігатара і новы Твітар

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

За падзеямі ў Грузіі вы і так сачылі, а мы раскажам пра тыя міжнародныя навіны, якія вы маглі прапусціць. 
 

“Вярнуліся трое — і труна”

Перу ў апошнія гады квітнела — а потым пачаліся хваляванні, і аказалася, што ў папярэднія гады квітнелі ў Перу не ўсё.

Тысячы пратэстоўцаў працягваюць выходзіць на вуліцы сталіцы і на поўдні краіны, піша CNN. Людзі выступаюць супраць дзесяцігоддзяў няроўнасці і стагнацыі ўзроўню жыцця. За час пратэстаў было забіта як мінімум 66 чалавек.

“У той дзень мы пайшлі разам з маімі дочкамі і жонкай на рынак. Сышлі ўчатырох, а вярнуліся трое — і труна", — кажа бацька адной з загінулых.

Хоць пратэсты разгарэліся ва ўсёй краіне, большасць загінулых — з паўднёвых рэгіёнаў. Там жывуць карэнныя народы Перу — аймара.

Их нравы: незаконное хранение аллигатора и новый Твиттер

У Перу яшчэ ў часы, калі краіна была іспанскай калоніяй, багацце і ўлада канцэнтраваліся ў сталіцы — Ліме. А паўднёвыя рэгіёны заставаліся ізаляванымі і слабаразвітымі, нават калі цэнтральныя бурна развіваліся.

У папярэднія гады аймара меркавалі, што ўлады не збіраюцца клапаціцца пра іх, развіваць у іх рэгіёнах медыцыну і адукацыю. Але дні пратэстаў далі зразумець, што ўсё нашмат горш, чым ім здавалася.

"Дзясяткі людзей расказалі Amnesty International, што яны лічаць, што ўлады абыходзяцца з імі як з жывёламі, а не як з людзьмі", — кажуць праваабаронцы.

Сітуацыя сама па сабе ніяк не вырашаецца. Але калі першапачаткова людзі выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць імпічменту прэзідэнту, які абяцаў бараніць іх правы, то цяпер сітуацыя куды больш сур'ёзная. На плакатах пратэстоўцаў пытанні: "Вы будзеце весці перамовы з чалавекам, які забіў вашых дзяцей?"
 

Як Маа

А пакуль адны хоць бы напускаюць на сябе дэмакратычны выгляд, іншыя нават не спрабуюць гуляць у дэмакратыю. Старшыня КНР Сі Цзіньпін пераабраўся — трэці раз.

ВВС піша, што ў кітайскай дзяржаўнай сістэме старшыня — гэта, хутчэй, цырыманіяльная пасада. Нашмат важнейшае тое, што Сі — генеральны сакратар Кампартыі і старшыня Цэнтральнага ваеннага камітэта. А на гэтыя пасады ён пераабраўся яшчэ летась. Здавалася б: сённяшняя навіна — не такая і вялікая падзея.

Их нравы: незаконное хранение аллигатора и новый Твиттер
Сі Цзіньпін / pixabay

Але ў Кітаі з часоў Маа Цзэдуна лідары былі абмежаваныя двума тэрмінамі паўнамоцтваў. У 2018 годзе Сі прыбраў гэтае абмежаванне — і зрабіўся як Маа.
 

Незаконны закон

А Вялікабрытанія спрабуе пераканаць мігрантаў не весціся на прапановы бандаў, якія абяцаюць пераправіць іх праз Ла-Манш нелегальна і на надзіманых лодачках.

Першая прычына: гэта проста небяспечна, людзі гінуць у халоднай вадзе, так і не дабраўшыся да Брытаніі. Другая — больш меркантыльная: урад шукае спосабы справіцца з міграцыйным крызісам. Сёлета на невялікіх лодках у Брытанію прыбыло больш за 3000 чалавек.

Цяпер урад прадставіў законапраект, які тэарэтычна мусіць спыніць людзей ад такіх адчайных спробаў трапіць у каралеўства. Ёсць невялікая праблема: закон можа выявіцца... незаконным, піша CNN.

Ён фактычна дае ўраду права дэпартаваць любога, хто незаконна прыбывае ў Вялікабрытанію. Міністр унутраных спраў Суэла Браверман прызналася, што не можа сказаць, ці сумяшчальны законапраект з Еўрапейскай канвенцыяй аб правах чалавека, якую падпісала Вялікабрытанія.

Их нравы: незаконное хранение аллигатора и новый Твиттер
Лондан / pixabay

Эксперты кажуць, што гэты падыход спрацуе толькі ў адным выпадку: калі людзі будуць мець лёгкі доступ да бяспечных, легальных маршрутаў міграцыі. А інакш нішто не спыніць уцекачоў ад таго, каб паспрабаваць шчасця з арганізатарамі нелегальнай міграцыі. Наўрад ці іх спыніць ўрад, калі не спыняе нават рызыка загінуць у халодных водах Ла-Манша.
 

Новы “Твітар”

Мы так шмат казалі пра Ілана Маска, што пачалі забываць пра Марка Цукерберга. А ён, між тым, вырашыў распрацаваць свой Твітар, піша TechCrunch.

Цукерберг хоча стварыць анлайн-прастору, дзе можна будзе дзяліцца "своечасовымі навінамі пра свае інтарэсы". Ну, то бок, "Твітар".

Гэтае новае прыкладанне пад кодавай назвай P92 усё яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, так што ў вас ёсць час падумаць, ці так моцна вас пакрыўдзіў Ілан Маск, каб сысці ад яго да Марка Цукерберга.
 

Незаконнае захоўванне алігатара

Дваццаць гадоў таму амерыканка скрала яйка з тэхаскага заапарка, піша Guardian. Яйка вырасла ў алігатара. Жанчына назвала яго Тэвам. І наступныя 20 гадоў Тэва жыў у яе на заднім двары.

А потым на алігатара выпадкова натрапіў егер. Заапарк прызнаў: так, усё сведчыць пра тое, што яйка наша.

Их нравы: незаконное хранение аллигатора и новый Твиттер
Як не мусіць выглядаць ваш хатні гадаванец / pixabay

Жанчыне, якая скрала яйка, пагражае абвінавачванне ў незаконным захоўванні яйка, а яшчэ — у валоданні алігатарам без дазволу, паведаміў мясцовы філіял NBC KXAN.

Дэпартамент дзяржаўных паркаў і дзікай прыроды на ўсялякі выпадак удакладняе: "Алігатары — не вельмі добрыя хатнія жывёлы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі