Іх норавы: адзіночны пікет у Кітаі, забастоўка ў Францыі і эмодзі бумераў

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Пакуль у Беларусі вырашалі, абвешчаны ці не абвешчаны ў краіне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, мы адарваліся на чытанне сусветных навін. Расказваем вам самае галоўнае.

Няма часу чытаць? Слухайце нас на любой зручнай платформе
 

Нават калі не падабаецца прэзідэнту

Французскія рабочыя зноў успомнілі пра сваё права баставаць, як толькі адчулі, што жыццё становіцца даражэйшым. Прафсаюзы супрацоўнікаў нафтаперапрацоўчай галіны запатрабавалі 10-адсоткавага падвышэння заробкаў, піша журналіст New York Times з Парыжа.

За забастоўкай рушылі ўслед перабоі з бензінам. Пачаліся яны ў кампаній па дастаўцы, у машын хуткай дапамогі, у кіроўцаў таксі. Але патрабаванне ўрада вярнуцца да працы толькі раззлавала забастоўшчыкаў, і асабліва бескампрамісных прафсаюзных лідараў.

Адзін з іх сказаў, што можа гарантаваць Эмануэлю Макрону: яму давядзецца ваяваць з прафсаюзамі.

Их нравы: одиночный пикет в Китае, забастовка во Франции и эмодзи бумеров

Прапаганда, вядома, падасць гэтую навіну як доказ таго, што еўрапейцы не гатовыя плаціць за вайну ва Украіне і незадаволеныя ростам цэн. А варта было б вынесці з гэтага паведамлення іншае: рабочыя маюць права на забастоўку. Нават калі камусьці гэта не падабаецца. Нават калі прэзідэнту гэта не падабаецца.

 

Больш за 200 забітых у Іране

Многія незалежныя журналісты больш не могуць працаваць у Іране, з інтэрнэтам перабоі. Але паспрабаваўшы спыніць распаўсюд інфармацыі, урад краіны так і не змог спыніць пратэсты.

Яны пачаліся праз смерць маладой іранскай дзяўчыны Махсы Аміні. Яна памерла пасля затрымання "паліцыяй нораваў". Дзяўчына нібыта парушыла закон, які кантралюе нашэнне хіджаба. Улады кажуць, што дзяўчына памерла праз праблемы з сэрцам, але яе сваякі — і тысячы жанчын і мужчын, якія пратэстуюць па ўсім Іране, — упэўненыя, што Аміні жорстка збілі.

ВВС са спасылкай на праваабаронцаў піша, што колькасць загінулых у часе пратэстаў перавысіла 200 чалавек. Сярод ахвяр ёсць дзеці.

Іран пратэстуе не ўпершыню — але раней пратэсты былі недастаткова масавыя. Напрыклад, у 2017 і 2019 гадах у Іране таксама пратэставалі: справы ў эканоміцы ішлі не вельмі добра. Але тады пратэставалі ў асноўным у рабочых кварталах. А цяпер пратэсты ахапілі больш за 100 іранскіх гарадоў.

А што ўлады Ірана? А ўлады Ірана лічаць, што беспарадкі арганізавалі Злучаныя Штаты і Ізраіль.
 

Адзіночны пікет

Ніхто не ведае імя чалавека, які выйшаў з адзіночным пікетам супраць дыктатуры ў Пекіне. Вы не недачулі — у Кітаі адбыўся адзіночны пікет.

Мужчына вывесіў на гарадскім мосце два вялікія транспаранты, піша ВВС. Яны заклікалі пакласці канец жорсткай палітыцы Сі Цзіньпіна па барацьбе з каранавірусам і наогул зрынуць старшыню КНР.

Цяпер у кітайскай сацыяльнай сетцы немагчыма знайсці ніякіх згадак пра гэты пікет. Відэазапісы і фатаграфіі, звязаныя з гэтым адзіночным пікетам, былі выдаленыя. Але гэтага чалавека ўжо параўноўваюць з невядомым мужчынам, які стаяў бяззбройным перад танкамі на кітайскай плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе.

Вы задаваліся пытаннем, чаму ў велізарнай Расіі такія нешматлікія пікеты супраць вайны? Адказвае Кітай: часам нават адзіночны пікет — гэта шмат.
 

Можа, вы бумер?

Часам мы не ведаем, як рэагаваць на навіны, — не стае слоў. І тады на дапамогу прыходзяць эмодзі. Але некаторыя эмодзі могуць выдаць у вас бумера. Каб гэтага не здарылася, Daily Mail расказала, якія эмодзі лепш ніколі не выкарыстоўваць.

І першае з іх — падняты ўгору палец. Апытаныя журналістамі прадстаўнікі пакалення зумераў сказалі, што гэты палец часцей за ўсё ўспрымаецца імі як сімвал схаванай агрэсіі! Так што, калі вы ставіце палец угору, вы або злуяцеся, або бумер.

Их нравы: одиночный пикет в Китае, забастовка во Франции и эмодзи бумеров

А вось яшчэ некалькі эмодзі, якія могуць выдаць у вас бумера: сімвал "акей", твар у слязах, плясканне ў ладкі і след ад пацалунку з памадай.

Зрэшты, зумеры лічаць, што нават чырвонае сэрцайка шлюць толькі старыя, так што слухаць іх варта не заўсёды. І калі вам хочацца паставіць сэрцайка нашаму падкасту — ні ў чым сабе не адмаўляйце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі