Іх норавы: дэкаланізацыя па-аўстралійску і крызіс па-брытанску

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Любы аўстраліец падтрымае размову пра дэкаланізацыю не горш за вашых сяброў у Фэйсбуку. Гэта чарговы агляд сусветных навін. У Беларусі са светам больш агульнага, чым здаецца.

Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе. 
 

Дзе вы захоўваеце дакументы?

ФБР не падабаецца, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абыходзіцца з сакрэтнымі дакументамі. У лістападзе некалькі такіх дакументаў знайшлі ў былым кабінеце Байдэна ва ўніверсітэце Пенсільваніі. Яшчэ парачку — у яго прыватным доме, піша ВВС.

Агентаў ФБР так уразіла гэтая бестурботнасць, што яны прыехалі і ў летні дом Байдэна, каб пашукаць сакрэтныя дакументы. На шчасце, не знайшлі. 

Іх норавы: дэкаланізацыя па-аўстралійску і крызіс па-брытанску
Джо Байдэн / Win McNamee/Getty Images

Байдэн, зрэшты, не першы прэзідэнт, які кідае сакрэтныя дакументы там і сям. Летась ФБР правяло ператрус у рэзідэнцыі Дональда Трампа ў штаце Флорыда і знайшла там больш за 300 дакументаў пад грыфам "сакрэтна" і "вельмі сакрэтна". 

Беларусам застаецца здзіўляцца бестурботнасці амерыканскіх прэзідэнтаў. У іх, мабыць, і тэлефон незапаролены, і сеткавы дыск не зашыфраваны, не кажучы ўжо пра двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Калі прадстаўнікі Кабінета Ціханоўскай яшчэ калі-небудзь паедуць у Белы дом, хай перададуць туды рэкамендацыі па бяспецы.
 

Прапаганда не зразумее 

Расійская прапаганда любіць жартаваць пра брытанцаў, што "галадаюць і замярзаюць". Што напэўна ўводзіць расійскую прапаганду ў ступар — шматтысячныя забастоўкі, якія дазваляюць сабе брытанцы, калі іх перастае задавальняць праца парламента. 

Прэм'ер-міністр Рышы Сунак адзначыў 100 дзён на чале дзяржавы. І яго павіншавалі страйкам — найбуйнейшым за 10 гадоў, піша ВВС.

Іх норавы: дэкаланізацыя па-аўстралійску і крызіс па-брытанску
Рышы Сунак / Facebook/RishiSunak

На страйк выйшлі сотні тысяч брытанцаў, таму што жыць у краіне стала дорага. І чым далей, тым даражэй. МВФ кажа, што Брытанія — на гэты момант адзіная краіна з развітай эканомікай, якая перажывае не рост і аднаўленне, а спад. 

Наўрад ці ў гэтым можна вінаваціць выключна Сунака. Мінулы год Брытанія правяла ў крызісе. За два месяцы парламент адправіў у адстаўку двух прэм'ераў. Так што краіна дасталася дзейнаму прэм'еру ў, мякка кажучы, нестабільным стане. 

І пры ім сітуацыя ў Брытаніі перастала рэзка пагаршацца. Яна пачала пагаршацца плаўна, іранізуюць журналісты ВВС. Рэйтынгі ўладаў у Брытаніі сапраўды падаюць, і гэта можа прывесці да канца 13-гадовага кіравання кансерватараў. Наўрад ці памылімся, выказаўшы здагадку, што гэта таксама ўводзіць расіскую прапаганду ў ступар.
 

Штучны інтэлект і літаратура

Штучны інтэлект зноў дапамог чалавеку. Гэтым разам тэхналогія вызначыла, каму належыць невядомая п'еса ў архівах Нацыянальнай бібліятэкі Іспаніі. ШІ прыйшоў да высновы, што яе аўтар — сам Лопэ дэ Вега! Людзі праверылі за штучным інтэлектам і прыйшлі да той самай высновы, расказвае CNN.

Іх норавы: дэкаланізацыя па-аўстралійску і крызіс па-брытанску
Лопе дэ Вега / ukrgate.com

Даследчыкі прапанавалі тэхналогіі прааналізаваць 1,3 тысячы ананімных рукапісаў, якія захоўваюцца ў бібліятэцы. Нейрасетка параўнала гэтыя ананімныя тэксты з творамі 350 пісьменнікаў, чыё аўтарства вядомае напэўна. І так літаральна па стылі аўтара і па словах, якія ён ужывае больш за ўсё, высветлілі, хто напісаў "безназоўную" п'есу.

Людзі таксама маглі б зрабіць гэта — але на працу пайшлі б гады. Хутка п'есу надрукуюць. 
Калі вы з тых, хто баіцца штучнага інтэлекту і лічыць, што ён загубіць планету — пераконваць не станем. Але нагадваем: пакуль людзі самі нядрэнна спраўляюцца. Пра гэта — наступная навіна.
 

Зноў Нобель

Грэту Тунберг чацвёрты раз вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру. Яна вось-вось паб'е рэкорд адвечнага заўсёдніка шорт-ліста "нобелеўкі" па літаратуры Харукі Муракамі.

Іх норавы: дэкаланізацыя па-аўстралійску і крызіс па-брытанску
Грэта Тунберг / Heining Keiserdpa

Гэтым разам Грэту вылучыла прадстаўніца шведскага парламента Лан Мары Берг, піша выданне VG. Разам з ёй парламентарка вылучыла на прэмію і іншую кліматычную актывістку — Ванэсу Накатэ з Уганды.

Абедзве актывісткі пачалі сваю кліматычную кар'еру з адзіночных пікетаў — у Швецыі і Угандзе. І натхнілі мільёны далучыцца да іх.

Нагадаем, менавіта Грэта прыдумала акцыю Fridays for Future: яна кожную пятніцу выходзіла да шведскага будынка парламента, заклікаючы звярнуць увагу на кліматычную праблему. А як жа школа? А навошта школа, калі глабальнае пацяпленне загубіць планету, тлумачыла Грэта.

Вайна ва Украіне і энергетычны крызіс прымусілі нас забыцца на крызіс кліматычны. Навошта нам кліматычныя актывісты, калі планету можа загубіць ядзерная зброя?
 

Дэкаланізацыя па-аўстралійску

Цэнтральны банк Аўстраліі не будзе выпускаць банкноты з выявай новага брытанскага караля Карла III, піша ВВС. На старых пяцідоларавых аўстралійскіх банкнотах выяўленая, вядома ж, Лізавета II, і мяняць іх пакуль не плануюць. Але калі заменяць, то новыя будуць прысвечаныя культуры і гісторыі карэнных аўстралійцаў. Гэтае рашэнне банка ўхвалілі лідары аўстралійскіх карэнных супольнасцяў.

Так, аўстралійскія выбаршчыкі ў 1999 годзе вырашылі, што брытанскі манарх застанецца кіраўніком дзяржавы. Але працэсы дэкаланізацыі ідуць поўным ходам, і вось ужо ў 2021 годзе Аўстралія афіцыйна змяніла свой нацыянальны гімн, прыбраўшы згадкі пра тое, што краіна "маладая і вольная".

"Маладая дзяржава Беларусь" добра разумее "маладую аўстралійскую дзяржаву", чые карэнныя народы жылі ў Аўстраліі за 65 тысяч гадоў да брытанскай каланізацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі